Шчусь. Бязумоўна, зьбіраюся!.. Іначай кажучы, ня я адзін зьбіраюся, а ўся наша камуна зьбіраецца. Хе-хе! Трэба гэтымі днямі ў горад ехаць, каб хто-небудзь не перахваціў.
(Несьцер моўчкі ўсьміхаецца).
Шчусь (таемна). Да ты ведаеш, Несьцер, што ўся вёска ў нас о тут — во (паказвае кулак) будзе!.. Цяпер мяне, як кулака, ня прымаюць да малочнага таварыства, а тады мы ўсёй камунай да яго далучымся!.. Тады ўсё таварыства ў нас у кішэні будзе!
Несьцер. Дык вы і ў таварыства малочнае ўвайсьці хочаце?
Шчусь. Але!.. Цяпер у мяне тры каровы, ды тры цялушкі, а на другі год шэсьць кароў будзе, зразумеў?.. Ды яшчэ купім. Не, браце, без камуны не пражывеш, не!.. Ня тыя часы. Нельга цяпер без камуны.
Несьцер (дваяка). Праўду кажаце: без камуны ніяк нельга.
Шчусь. Ну?.. Дык, значыць, далучаешся?
Несьцер (усьміхаецца). Трэба падумаць.
Шчусь. Вось табе і на!! Дзесяць год пакутуеш за камуну, дзесяць год падпіраеш савецкую ўладу, а як да справы, як прышлося самому у камуну, дык і тпру?!
Несьцер (усьміхаючыся). Ды трохі як-бы… Страшнавата чагосьці.
Шчусь. А я вось не баюся… Дальбог! Праўда, як прышло мне гэта ў галаву, дык як быццам у халодную ваду ўскочыў, аж зьмёрз!.. А потым падумаў — нічога!
Несьцер. Угрэліся?!
Шчусь. Ха-ха!.. Правільна!.. Угрэўся…