Старонка:Будні (1929).pdf/20

Гэта старонка не была вычытаная

але нічога з гэтага ня вышла. У камуну мяне зваў!.. Агітаваў за камуну! Ух!.. Падла сьмярдзючая!

Палашка. Дык ты і сапраўды абдурыў бацьку?!

Несьцер. Патрэбен ён каму!.. Гэта-ж ён мяне хацеў абкруціць навокал пальца. І ведаеш што, Палашка, я табе скажу?.. Скажу ўжо ў апошні раз і больш ня буду казаць… Я ажаніўся з табою, а не з тваім бацькам… Чуеш?.. З табою зьбіраюся і жыцьцё пражыць. Дык вось ня блытай ты сюды свайго ўлюбёнага бацькі, а з ім яшчэ і мацяры. Няхай яны сабе жывуць сваім жыцьцём, а мы будзем жыць сваім…

Палашка (лапоча). Надаела жабракоў карміць!.. Абрыдла задрыпанкаю хадзіць!.. Чуў?.. Жыві сабе сам, як хочаш, а я і без цябе абыйдуся!.. Чуў?.. (Хапае хустку, расьцілае на лаве, адчыняе скрыню і хутка складвае ў яе свае рэчы. Несьцер моўчкі глядзіць). Даволі!.. Хопіць з мяне!.. Пяць год жабрачкаю была, мала не пад вокнамі хадзіла!.. Затое муж „ідэйны“ быў, усё абяцаў — пачакай, казаў… Як той поп на тым сьвеце царства нябеснае абяцае, гэтак і ты… Дык я ня дурная, ня веру ні папу, ні табе… (Зьвязвае рэчы). Гэта і ўсё… Бывай!.. (Хутка ідзе да дзьвярэй).

Несьцер (раптам). Стой, Палашка!..

Палашка (каля дзьвярэй). Ну?.. (Вытрашчыла вочы, чакаючы).

Несьцер (пасьля змаганьня аўладаў сабою). Мёд забылася… Вазьмі…

Палашка. Ды ўжо табе не пакіну!.. (Хутка падыходзіць да стала, хапае збаночак, кідае на Несьцера злосным поглядам і выходзіць).

Несьцер (стаіць нейкі час, потым цяжка садзіцца. Пасьля паузы). Што гэта робіцца сягоньня?.. Ці я здурнеў, ці ўвесь сьвет звар‘яцеў?.. Цьфу!!! (Устае, нейкі час думае, потым хутка дастае з заложніку хлеб,