ты пашлеш свайго архангела Міхаіла на гэтых сукіных сыноў?..
Палашка. Эх, мама, мабыць не дачакацца вам архангела Міхаіла… Прыдзецца звыкацца…
Стэпа. Ды гэта ты што, сапраўды ўзялася з мяне зьдзекавацца? Мала яшчэ за дзесяць год зьдзекавалася?.. Хоць бы цяпер пашкадавала бацьку з мацераю. (Усхліпвае). Хіба мы з бацькам чакалі, што з вас гэтакія вырадкі выйдуць?.. Вунь Паўлюк чаго нарабіў?.. Яму што?.. Яму нічога?.. А бацька мяне грызе, што не дагледзела… А што я за ім усьлед хадзіць буду, каб ён з дзяўчатамі ня знаўся. Цяпер толькі пагаварыў з дзеўкаю, зараз-жа і плаці.
Палашка. Добрая гаворка!.. У Юстыны-ж дзіцё нарадзілася!..
Стэпа. А можа яна давесьці, што гэта Паўлікава дзіцё! Можа?
Палашка. Дык суд-жа прысудзіў?..
Стэпа. Што ты мне аб судзе кажаш?.. Без цябе ведаю, што прысудзіў…
Палашка. Дзіўная вы, мама… А каб мяне гэтак хто-небудзь зьняславіў ды і пакінуў з дзіцём, што-б вы тады сказалі?
Стэпа. А што, можа з табою твой ласкавы Несьцер лепей зрабіў?.. Адно толькі, што дзіцяці няма.
Палашка (раззлаваўшыся). Ня кідаў ён мяне!.. Сама пашла ад яго… Сорам вам, мама, дакараць мяне… Праз вас пакінула, а вы мне вочы колеце.
Стэпа. Уг-га!.. Праз нас!.. Ды хто-ж цябе прасіў яго кідаць?.. Хто?.. Што, я цябе прасіла, ці можа бацька?.. Дурная ты!.. Табе казалі толькі, каб бацьку з Несьцерам памірыла. (Уваходзіць Паўлюк).