Палашка. І табе ня сорамна, Паўла?.. Ну, чаго ты да Крыстыны лезеш?.. Што яна табе цацка ці што?
Паўлюк. А гэта ўжо не твая справа!..
Палашка. А чыя-ж гэта справа?.. Вунь праз твае цацканьні ды дурэньні дзяўчыне вольна дыхнуць нельга.
Самахвал. Не сварыцца… Брат з сястрою павінны лагодна жыць.
Паўлюк. Запытайце яе, чаго яна да мяне чэпіцца?! Яна мяне вучыць!.. Ды я забыўся больш, як ты ведаеш. (Да Самахвала). Я той дурніцы хацеў толькі паказаць, як у Амэрыцы гарбату грэюць, а яна, курка дурная, перапалохалася… ну і таго…
Палашка (кінулася да вакна). Тата прыехалі…
Самахвал. Нарэшце!.. Ну, што ён прывёз цікавага?.. (Уваходзіць Шчусь і Стэпа).
ЗЬЯВА V
Самахвал — Паўлюк — Палашка — Шчусь — Стэпа
Шчусь. А, куму ня церпіцца?.. Карціць?! Зранку, мабыць, сядзіш, Мікіта Хведаравіч? (Скідае паліто).
Стэпа. Ды дзе там зранку!.. Яшчэ з вечара забягалі.
Самахвал. Да ты апавядай баржджэй! Як?..
Стэпа. Ды дайце яму дыхнуць з дарогі. Пасьпееце!
Самахвал. Кажы, кумок, бо ня вытрымаю, чакаўшы!..
Шчусь. Добра… Усё, брат, добра… Абяцалі такі перагледзець пастанову. Справа, браце, дайшла аж да акруговага земаддзелу, а ў мяне і ў акрузе чалавек адзін знаёмы ёсьць… Ды ты яго,