Стэпа. Пойдзем, Паўлюк, пойдзем, я табе пераадзецца дам, хай ён, стары дурань, вар‘яцее! Ах ты!.. Чорт стары!.. (Вышлі).
Шчусь. Ідзі, ідзі!.. Цацкайся з ім!.. Ён табе за ўсё падзякуе!.. (Ходзіць злосна па хаце). Чэрці-б вас усіх пазабіралі. (Стаў супроць Палашкі). А ты чаго прышчурылася?.. Можа і ты хочаш?..
Палашка. Спрабуйце толькі…
Шчусь. Давядзеш мяне, дык і спрабую!.. Не пагляджу, што ты бядняцкага старшыні жонка. Зьдзяру спадніцу дый так адлупцую, што і да сьмерці будзеш помніць…
Палашка. Спрабуйце, я такая, што і здачы дам.
Шчусь (зьбянтэжана да яе вылупіў вочы. Пауза. Глядзяць адзін на аднаго). Нічога!.. Маладзец Несьцер!.. Добрую жонку выкахаў сабе на радасьць!.. Сапраўды, што з такою сьцерваю, як ты, ніякі дурань ня будзе жыць.
Палашка. Ды хто-ж знае, ці будзе жыць ці не. А от, што дурні тыя дзеці, што такога бацькі як вы, слухаюцца, дык праўда.
Шчусь. Ой, маўчы, Палашка!..
Палашка. Маўчэце і вы, тата!..
Шчусь. Ой, Палашка!..
Палашка. Ня пужайце мяне, тата!.. Бо я не баюся!.. (Хапае хустку, падыходзіць да дзьвярэй). Праўду казаў Несьцер, што вы кулак ды яшчэ подлы. (Выходзіць, стукнуўшы дзьвярмі).
Шчусь (аж сеў з неспадзяваньня). Вось гэта так!..
Заслона