Старонка:Будні (1929).pdf/44

Гэта старонка не была вычытаная

Шчусь. Паглядзім!

Палашка (супакойна). Пабачыце…

Шчусь (злосна). Цьфу на цябе! Чорт, а не дачка! Пойдзем.

Самахвал. Пойдзем, пойдзем, кумок. (Зласьліва). Да пабачэньня, Язэпка.

(Шчусь, Самахвал і Паўлюк выходзяць. Дзед аглядае месца разрыву правадоў).

ЗЬЯВА V
Язэп — Палашка

Язэп. Цікава!.. чаго гэта яны парваліся, гэтыя правады?..

Палашка. А можа іх парвалі?

(Язэп глядзіць на яе дапытліва).

Палашка. Хто ведае…

Язэп. А чаго-б гэта ім самім рвацца! Гэта-ж не павуціньне, а правады. Добра, што гэты провад па хатах ідзе, хаты асьвятляе… Яго паправіць — раз плюнуць… (Раптам злосна). Вот сукіны сыны!.. Гэта ў іх справа з камунаю ня выгарала, дык яны вунь што вымундравалі! Ну, ну!.. Выходзіць, як ня ім, сукіным сынам, дык і нікому!.. Гэта-ж мне ад Несьцера будзе, што не ўвартаваў!.. Эх… Шкода, што мала іх патрэсла!.. Няхай бы да заўтрага патрэсла, зналі-б тады!

Палашка. Дзед, а хутка будзе тут Несьцер?

Язэп. Зараз павінен быць. (Углядаецца). Ды вунь ён мабыць і ідзе?..

Палашка. Ён… Усяго найлепшага, дзед!.. (Хутка выходзіць).

Язэп. Пачакай, Палашка, куды ж ты?.. Палашка!..

(Уваходзіць Несьцер).