Старонка:Будні (1929).pdf/47

Гэта старонка не была вычытаная

ЗЬЯВА VII
Несьцер — Палашка

Палашка (пасьля паузы). Добры дзень таварышу Несьцеру.

Несьцер (глядзіць на яе). Добры дзень, грамадзянка Палашка…

Палашка. 3 вамі можна пагаварыць?

Несьцер. Гаварэце…

Палашка (пасьля паузы). Я пасварылася з бацькам… Ня жыву ўжо ў яго…

Несьцер. Гэта я чуў…

Палашка. Ну і з чалавекам сваім я таксама ня жыву…

Несьцер (усьміхаецца). Ведаю… Дык чаго-ж вы, грамадзянка, хочаце? Можа, каб я памірыў вас з бацькам? Дык гэта не мая справа.

Палашка. Не, гэтага ня трэба. Я калі захачу, дык сама магу да бацькі вярнуцца.

Несьцер. Ну, дык і варочайцеся на здаровейка, чаго вам ад мяне трэба? Варочайцеся сабе да бацькі!..

(3 млына выглядае дзед Язэп, слухае размову і круціць галавою).

Палашка. Не, я да яго не вярнуся.

Несьцер. Чаму?

Палашка. Ды гэта ўжо мая справа.

Несьцер. Гэта можа і праўда.

Палашка. Дык вось хачу я вас прасіць. Прымеце мяне ў малочнае таварыства… Каля сэпаратараў працаваць… Мне Юстына казала, што яна едзе ў горад да брата… Дык на яе месца…