Старонка:Будні (1929).pdf/8

Гэта старонка не была вычытаная

Паўлюк (хітра сьмяецца). Э-э!.. Пусьцяць!.. Туды толькі камуністых ня пускаюць!.. А я што? Шляхетны малады чалавек. Праўда, дзед,

Язэп. Праўда, праўда… Дурань ты шляхетны… (Палашка сьмяецца).

Паўлюк (голасна). А што?.. Можа, скажаце, ня пусьцяць?

Язэп. Каму ты там, Паўлюк, патрэбен? Там і без цябе ёсьць многа сваіх амэрыканскіх лайдакоў. Лепей вазьміся за розум ды станавіся бацьку, мацяры ў помач.

Паўлюк. Вельмі цікава!..

Палашка. У-га!.. Хіба яму гэтага патрэбна?.. Яму абы ляжаць, языком балбатаць ды свае фокусы паказваць!.. Цьфу!.. (Злосна адчыняе скрыню і чагосьці ў ёй шукае).

Паўлюк (пасьля паузы, сумна). Вось вы смеяцеся з Амэрыкі, а там хіба гэтакае невуцтва, як у нас? Там — навука! Вось, скажам, трэба вам кавы зварыць… Вы сабе ўстаўляеце штэпсэль, такія відэльцы (паказвае пальцамі), у дзюрачку — і кава гатова!..

Язэп. А навошта нам кава тая… Мы да яе ня прывыклі…

Паўлюк. Ну, ня кава, дык, скажам, камашы пачысьціць… Вы сабе ставіце ногі ў апарат (паказвае) — скрынка такая, устаўляецца штэпсэль — і ў момант камашы вашы блішчаць, як люстэрка.

Язэп. Таксама яно нам непатрэбна… Камашаў мы ня носім, а боты дзёгцем мажам, ось!.. А калі, скажам, лапці пад гэты штэпсэль, дык што тады будзе… Усё гэта, Паўлюк, ад нячыстага прышло… Бога гэтыя амэрыканцы забыліся — вось і вымундроўваюць усялякую чартаўню.

Паўлюк. Камуністыя кажуць, што бога няма… Вось пагаварыце з вашым Несьцерам.