Старонка:Будні (1929).pdf/9

Гэта старонка не была вычытаная

Язэп (махае безнадзейна рукою). Эт!..

Палашка (вымае з прыскрынку ордэн Чырвонага сьцягу). Казаў тата, што прыйдуць сёньня гаварыць з Несьцерам… (Да Паўлюка). Бачыў, які ў Несьцера мэдаль?..

Паўлюк. Хіба гэта мэдаль? Гэта ордэн Чырвонага сьцягу. (Бярэ ў Палашкі з рук). Ды чаго ты баішся? Ня зьем!..

Палашка. Глядзі, яшчэ зломіш… Тады табе Несьцер і печані адаб‘е! Ён яго толькі на савецкія сьвяты і чапляе. Яму яшчэ адзін за Кранштадт належыць, ды ня хоча паклапаціцца…

Паўлюк. Дзівак!.. А я-б спагнаў… Эх каб мне гэты ордэн, дык я цяпер ужо, можа, чорт ведае чым быў! (Аддае).

Язэп. Трэба было ісьці ў Чырвоную армію з Несьцерам…

Паўлюк. Тата ня пусьціў. Не хацеў, каб я таварышам дапамагаў. (Уваходзіць Шчусь, чуе апошнія словы). А цяпер я праз бацьку і пакутую. Праз бацьку і вучыцца ня прымаюць… Кулацкі сын…

ЗЬЯВА II
Паўлюк — Язэп — Шчусь.

Шчусь. Добры вечар! (Да Паўлюка). А ты чаго гэта тут брэшаш?.. Ідзі дадому!..

Язэп (холадна). Добры вечар!

Палашка (замятусілася). Сядайце, тата… Пусьці, Паўлюк!..

Паўлюк. Калі ласка!..

Шчусь (садзіцца). Маці казала, каб ты да яе забегла… Штосьці там табе мае даць.

Палашка. Вось яшчэ, трэба маме турбавацца…