Агнёвыя віхоры вам песьні гучна пелі,
У музыцы баішчаў вы казачна расьлі,
Вас гадавалі грозна гарматныя капелі
На збуранай зямлі.
Вы ў рытмах вольных сьпеваў купаліся, бы дзеці,
Глыталі вокам чырвань мяцежніцкіх сьцягоў.
І выбухнулі гнеўна з вулькану ліхалецьцяў,
Бы мора з берагоў.
Вы рынулі з падвалаў мазольнага бяздольля,
Вы з полымя бароцьбаў імкнуліся гурмой.
З юнацкаю адвагай работалі ў падпольлі
І кожны з вас — гэрой!
Як вёскі ад жандараў павоўчаму завылі,
Як стрэхі зашыпелі ў жудасным агні, —
Вы мкнуліся грамадай у пушчы векавыя
Краіну бараніць.
Рука паганца пана капала вам магілы,
У бітвах партызанскіх загінула вас шмат.
А сьмерць за край, за волю загартавала сілы,
Мацнелі вы ў сто крат.
Гарматняе вясельле заціхла на абшарах,
Бандыцкія ігрышчы загінулі ў палёх.
Ваш дух юнацкі, бодры над краем запажарыў,
Вы затрубілі ў рог.
|