Старонка:Буралом (1925).pdf/44

Гэта старонка не была вычытаная

Імчыць стралой, а хтосьці ў лузе грае;
Жаўронка сьпеў ці трэлі хтось пляце, —
То пастушок дзьме ў дудку каля гаю,
Канцэрт дае авечай грамадзе.

Падобен ён Афінскаму Амуру,
Што выдлубаў на мармуры разьбяр;
А сьпеў яго — і смутны і пануры:
Якраз-бы наш нядаўных дзён пясьняр.

Як наш пясьняр з эпохі адраджэньня,
Якога кат цанзурны цікаваў.
Між апцугоў было яго імкненьне —
Ён горкі лёс сьлязьліва апяваў.

З нямой тугі, з глухой недагаворкі
Гусьлярскіх струн будзіўся наш ратай.
У ночны час поэт глядзеў на зорку,
Вучыў любіць ён вукрадкам свой край.

Вяла ігру благая доля з намі,
Як варажбіт калодай старых карт.
Аднак народ пяўца свайго уцяміў:
«Тутэйшы» люд здабыў патрэбны гарт.

III.

Праз грукат-хрып сусьветнай дзікай бойні,
Праз груды цел, праз алавяны стогн,
Праз пустыры разрытых родных гоняў,
Праз мора сьлёз, праз царскі, трухлы трон,

Праз дым, пажар магнацкіх гнёзд прынадных,
Праз крык, праз гнеў і праз бясьсільля злосьць
Паноў, мяшчан пры Кераншчыне здраднай
Да нас Акцябр прымчаў — чаканы госьць!