Старонка:Біяграфія Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (Шарахоўскі).pdf/2

Гэта старонка не была вычытаная

віч, патрабуе даследвання, пошукаў дакументаў, якія неабвержна высвятлялі-б дзе праходзілі універсітэцкія гады пісьменніка. На сёння-ж, як больш верагодную, трэба прыняць старую версію аб тым, што Дунін-Марцінкевіч вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце.

Вінцэнт Іванавіч Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся ў 1807 годзе ў фальварку Панюшкевічы, Бабруйскага павету, Мінскай губерні. Бацька яго — пасэсар Бабруйскага павета быў арандатарам (ці па другіх вестках-уладаром) невялікага фальварка[1]. Гэта паказвае, што Дунін-Марцінкевіч паходзіў з асяроддзя дробнай, незаможнай беларускай шляхты.

Дзіцячыя гады Вінцэнт пражыў у Панюшкевічах, тут-жа ён ад сваёй маці Марыі з Воўчацкіх набыў першапачатковыя школьныя веды, што дало яму магчымасць паступіць у павятовую сярэднюю школу ў Бабруйску, якую ён і скончыў у 1824 г.

Дуніну-Марцінкевічу давялося жыць у эпоху, калі на шляху беларускіх інтэлігентаў для ўлаўлівання душ няўхільна паўставаў польскі пан ці ксёндз. У прыватнасці Дуніну-Марцінкевічу вызначыць жыццёвы шлях спрабаваў яго дзядзька, ксёндз Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч. Для прадаўжэння навукі ён накіраваў юнака Вінцэнта ў Віленскую базыльянскую школу, якая ўяўляла з сябе нешта падобнае да бурсы[2].

Гэтая школа не задаволіла дапытлівага хлопца і для таго, каб атрымаць свецкую вышэйшую асвету, ён паехаў у Пецярбург, які ў той час быў ужо буйным навуковым цэнтрам. Дунін-Марцінкевіч вучыўся на медыцынскім факультэце Пецярбургскага універсітэта, але па невядомых прычынах не скончыў яго і вярнуўся на Беларусь.

Прабыванне ў рускай паўночнай сталіцы, у якой ва ўсіх было ў памяці нядаўняе рэволюцыйнае выступленне дэкабрыстаў, не магло не зрабіць уплыву на светапогляд Дуніна-Марцінкевіча ў кірунку засваення некаторых дэмакратычных поглядаў. Зусім магчыма, што тут ён знаёміўся з творчасцю рускіх пісьменнікаў, у прыватнасці з творамі Н. Карамзіна, якія вельмі блізкія ў ідэйна-палітычным змесце да твораў самога Дуніна-Марцінкевіча. Цікавасць да рускае літаратуры, не гледзячы на паланізаванае культурнае акружэнне на Беларусі, відаць, не знікла ў Дуніна-Марцінкевіча і пасля, калі ён распачаў сваю літаратурную творчасць. У яго «Сялянцы», у прыватнасці, ёсць непасрэдны ўплыў пушкінскай «Барышни-крестьянки», якая ўпершыню з'явілася ў друку ў кастрычніку 1831 года.

Пасля звароту з Пецярбурга Дунін-Марцінкевіч служыў у розных установах аж да 1840 г., калі ён за жончын пасаг купіў непадалёк ад Мінска невялікі фальварак «Люцынку» і асталяваўся там на жыццё. У 1827 г., пасля звароту на Беларусь, Дунін-Марцінкевіч паступіў на службу пры мінскай каталіцкай кансісторыі на пасаду перакладчыка на рускую мову касцёльных актаў.

Праз два гады ён ужо член мінскіх гранічных судоў. У 1831 г. Дунін-Марцінкевіч ажаніўся з Юзэфай

  1. На карысць думкі, што бацька пісьменніка быў арандатарам, гаворыць той факт, што ні ў біяграфіі ні ў творах Дуніна-Марцінкевіча няма ўпамінанняў, каб ён калі-небудзь наведваў фальварак бацькі ці каб узнікала пытанне аб спадчыне. У той-жа час звяртае на сябе ўвагу, што набытаму ім фальварку «Люцынцы» Дунін-Марцінкевіч нават прысвяціў твор («Люцынка або шведы на Літве», 1861 г., на польскай мове).
  2. І. Голонбек у вышэйпамянёнай працы аспрэчвае прынятую некаторым біографамі версію аб тым, што Дунін-Марцінкевіч вучыўся ў Бабруйскай гімназіі і Віленскай базыльянскай калегіі. Ён спасылаецца на «Уставы камісіі народнай адукацыі» (выд. Буяльскім, Варшава, 1902, Табель школ камісіі народнай адукацыі з 1776 г.) і працу (Пазнань, І. Лукашэвіч «Гісторыя школ» 1849 г., т. II. стар. 267 - 273), з якіх нібы відаць, што такіх навучальных устаноў у той час у Бабруйску і Вільні не было, а былі школы, заснаваныя на месцы былых іезуіцкіх школ.