Старонка:Біяграфія Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (Шарахоўскі).pdf/6

Гэта старонка не была вычытаная

баронена друкаванне кніжак на беларускай мове.

Апраўдваючыся перад міністэрствам асветы на якой падставе было дазволена друкаванне кнігі на беларускай мове, той-жа віленскі цэнзар Павел Кукальнік спасылаўся на тое, што раней дазвалялі друкаваць іншыя творы Дуніна-Марцінкевіча. Але гэтае тлумачэнне, відаць, мала яму дапамагло, бо яго месца ў цэнзурным камітэце заняў нехта Мухін, які і даў загад аб канфіскацыі перакладу[1].

Пасля гэтага выпадка Дунін-Марцінкевіч больш не друкаваў твораў на беларускай мове, бо гэтага не дазвалялі цэнзурныя ўмовы. Але гэта не значыць, вядома, што ён больш не пісаў на беларускай мове.

Больш таго, не гледзячы на тое, што распаўсюджанне беларускіх кніг і, тым больш, пашырэнне асветы праз беларускую школу разглядаліся як антыўрадавае мерапрыемства, Дунін-Марцінкевіч клапаціўся аб пашырэнні асветы сярод народа. Александр Ельскі ў сваім рукапісным нарысе жыцця і дзейнасці пісьменніка піша аб гэтым наступнае: «... Толькі тайна просты народ вучыўся краёвай мове, але ў 1857 г., пасля турэцкай вайны, калі цар Александр II меркаваў вызваліць сялянства з прыгону, ён даў невялікія свабоды ў навучанні і ў той час не забаронена было вучыць па дамах, а таксама засноўваць школы на вёсках; таксама і Марцінкевіч не занядбаў той магчымасцю і зараз-жа у «Люцынцы» для сваіх вяскоўцаў, а ў Мінску для бедных мяшчан заснаваў школы, у чым дапамагалі яму шчыра яго тры дачкі Каміла, Цэзарына і Эладыя. У тым часе пісаў лісты да свайго прыяцеля Адама Кіркора, рэдактара газеты «Кур'ер Віленскі», з просьбай, каб друкаваў артыкулы аб неабходнасці заснавання вясковых школ, бо праз тое можа набяруцца ахвоты багацейшыя людзі, уладары, таксама дробныя жыхары, як ён, Марцінкевіч, і ахвяруюць сардэчна свой дарагі час і сціплыя ўзносы на святую справу асветы народа»[2].

З-за сваёй пісьменніцкай, а таксама асветнай дзейнасці сярод народа Дунін-Марцінкевіч, відаць, быў на падазрэнні ў царскіх улад, бо калі на Беларусі пачала з'яўляцца паўстанцкая літаратура, дык у гэтым абвінавацілі яго. У 1863 г. ён быў арыштаваны і нават прасядзеў дзевяць месяцаў у турме. Дуніну-Марцінкевічу ставілася ў віну, што ён з'яўляецца аўтарам варожых царскаму ўраду беларускіх пракламацый, адозваў, брашур, а тасама газеты «Мужыцкая праўда». Калі з палітычных працэсаў высветлілася, што гэтая літаратура выдавалася віленскімі і беластоцкімі кіраўнікамі паўстання, то Дуніна-Марцінкевіча выпусцілі на волю.

Тым не менш над Дуніным-Марцінкевічам быў устаноўлен паліцэйскі нагляд, які замінаў яму у яго пісьменніцкай і асветнай дзейнасці і вымушаў да асцярожнасці. Як сведчыць беларускі пісьменнік Ядвігін Ш., Дунін-Марцінкевіч у гэты час «з пісаннем сваім, з думкамі сваімі замыкаўся ад усіх у каморцы». Але і пасля паўстання 1863 г. ва умовах мураўёўшчыны, ва ўмовах забароны беларускага друку, не маючы надзеі, што яго творы хаця-б у недалёкай будучыні ўбачаць свет, Дунін-Марцінкевіч прадаўжаў справу свайго жыцця справу стварэння блізкай, зразумелай простаму народу літаратуры на пагарджанай з боку польскіх паноў і царскіх чыноўнікаў «хлопскай», беларускай мове.

За сваё жыццё Дунін-Марцінкевіч па таму часу даволі многа ездзіў па Беларусі, ён, у прыватнасці, апрача Вільні і Бабруйска наведваў Мазыр. Як відаць, у выніку паездкі на Палессе ён пазнаёміўся з мясцо-

  1. Гл. прадмову да «Пана Тадэуша», выданне «Беларускія песняры», т. ІІ, стар. 1, Пецярбург, 1907 г.
  2. І. Голонбек. цыт. праца стар. 38.