кірунку і другой стыхіі, але яна ў іх займае ўжо далёкае месца: яна ўваходзіць, звычайна, у іх творчасьць, як другарадны, часамі як выпадковы элемент. Яе сапраўднае поле чыннасьці—романтызм; тут яна знаходзіць для сябе поўнае прызнаньне, ставячы плястыку выяўленьня на задні плян.
Пры выяўленьні стыхіі першага шэрагу мы адзначылі тое, што яна ёсьць у апісаньнях знадворнага боку дзеючых асоб і фону, на якім яны выступаюць. Гэта манера нашага пісьменьніка знаходзіць сваю адпаведнасьць у творчасьці Тургенева. У яго таксама пры абрысоўцы, якраз, знадворнага выгляду тых герояў і рэчаў, што ён малюе, прэвалюючымі аказваюцца стылістычныя сродкі плястычнага характару, галоўным чынам, зрокавыя.
Прыватна-ж у галіне ўжываньня эпітэтаў відаць досыць вялікі паралелізм. У Тургенева, як зазначаюць дасьледнікі яго[1], зрокавыя эпітэты сярод другіх зьяўляюцца пераважнымі па сваёй колькасьці. Ён ужывае іх, малюючы выгляд героя, у прыватнасьці, яго твар, рост, голас, валасы, вопратку і г. д. (Рядчик из Жиздры был невысокого роста, плотный мужчына лет 30, рябой и курчавый, с тупым вздернутым носом, с живыми карими глазками и жидкой бородкой, „Певцы"). Ужываючы эпітэты гэткага, якраз, роду, пісьменьнік імкнецца намаляваць „дакладны портрэт" тэй асобы, што ён выводзіць на сцэну, прымусіць чытача „ўбачыць" героя, які выступае ў творы.
Роўным чынам, такім-жа самым зьяўляецца расійскі пісьменьнік, калі малюе прыроду. „Палітра фарбаў і колераў асабліва багатая ў Тургенева, — кажа пра яго дасьледчык; — горача кахаўшы прыроду і тонка адчуваўшы хараство яе, ён найбольш пільна працаваў над малюнкамі, якія рысавалі яе—над сваімі апісаньнямі, надаючы асаблівае значэньне падрабязнасьці іх. Пры гэтым ён успрыймае прыроду, галоўным чынам, зрокава, і таму натуральна павінен быў найбольш удасканаліць у сябе зрокавы эпітэт"[2].
Той-жа самы характар відавочнасьці ды плястычнасьці выступае ў Тургенева і пры ужываньні ім параўнаньняў. У вялізнай большасьці сваёй усе яны рэчавага адчувальнага характару. Як зазначае аўтар спэцыяльнай працы аб гэтых зьявах стылю ў Тургенева[3], пісьменьнік бярэ іх з такіх галін, як чалавек ды прырода (параўнаньні з дрэвамі, краскамі, з ветрам і г. д.), з сьвету жывёл (параўнаньні з рознымі групамі ды жывёламі), з галіны тых ці іншых рэчаў і г. д. Нават калі мастак запазычае іх з галіны „літаратурных рэмінісэнцый", напр., з клясычнай