Гэта старонка не была вычытаная
— Фрэдзі? Ты яшчэ тут?.. Кінь, — зьбірайся, сёньня едзем усе дахаты…
— А арыштаваныя?..
Леман нічога не адказвае. Ён ужо далёка, — прабег праз увесь калідор і зьнік за дзьвярыма… Альфрэд — у нерашучасьці. Прабягае рыжанькі Бэкер.
— Бэкер, — стой, куды ты?
— Адчапіся! Часу няма! Сёньня — дахаты!..
Альфрэд стаіць асалапелы.
— Чаго стаіш? Ня бачыш — усе ўцякаюць, сёньня адступаеце, зьвяртаецца да Альфрэда арыштаваны,
— Ат! — Альфрэд ускідвае стрэльбу на плячо і ідзе па калідору…
— Хлопцы! Дахаты! — крычаць арыштаваныя, і зьбіраюць манаткі.
— Дахаты!
— Дахаты!
— Дахаты! —
нясецца з усіх бакоў буйлівы гоман.
А восьмай гадзіне — апошні нямецкі эшалон адыходзіць з станцыі.
У павятовы горад — уваходзяць чырвоныя.