Старонка:Варта на Рэйне (1930).pdf/122

Гэта старонка не была вычытаная

Час ідзе, ідуць дні, ідуць тыдні.

Па вуліцах — ідуць трамваі, аўто, фурманкі, людзі, — рушыцца гаманлівы натаўп.

Барон Вэкс — шпацыруе па Альлеі Перамогі са сваёю новаю каханкаю, — опэрнаю сьпявачкаю — Фрэйляйн Бэкер…

Грымяць шасьцёркі на фабрыцы А. Э. Г. Пад зямлёю — стукаюць па рэйках колы цягніку мэтрополітэну. На рагу Фрыдрыхштрасэ стаіць, рукі за сьпінаю, традыцыйны шуцман. Усё — як сьлед, — усё як калісьці…

А на Францышканскай — на трэцім паверсе — у пакоі — сядзіць у крэсьле нейкі хворы. Ля яго на падлозе — дзяўчына, гадоў 22—23. Сядзіць… Густа падведзеныя бровы, кармазынавыя губы… А па шчаках — такіх белых, — крынічаць сьлёзы…

— Так, Альфрэд… Я сёньня еду… Разышліся наскія пуцявіны… Твая справа — фабрыка, а мая — вуліца… Я хацела толькі, каб ты ўсё ведаў…

Яна моцна сьціснула пальцамі ражок хусьцінкі.

Тупа ўтаропіліся вочы хворага некуды ўбок, — туды дзе на сьвежых шпалерах відаць было вялізную тлустую пляму.

— Ну, дык бывай, Фрэддзі… Бывай… Не памінай ліхам.

Дзяўчына ўстала і рашуча пашла да дзьвярэй.

З жахам пазірае на яе Альфэд.