Старонка:Варта на Рэйне (1930).pdf/14

Гэта старонка не была вычытаная

Зноў вечар… Вее сівер, — вее і вые, плача, стогне, скрыгоча: зубамі, енчыць… і раптам — у злоснае мычэньне сіверу ўплятаецца нешта новае, чужое, жудаснаватае. Па горадзе — сіпатыя чуюцца, але моцныя, часам — надрыўныя галасы:

— Бэрлінэр Тагэблят!..

— Бэрлінэр Тагэблят!..

— Аўстрыя паслала Сэрбіі ультыматум!..

— Расія рыхтуецца да вайны!..

А жыцьцё — усё яшчэ ідзе — памалу, плыве ціхаю, павольнаю плыньню…

Раньне. Альфрэд Кляйн зьбіраецца ісьці на працу. Над сталом тоненькай блакітнай істужкаю ўецца пара ад кавы.

Раптам —

званок —

паштальён:

— Газэты сьвежыя, калі ласка…

Ціха, павольнаю плыньню цякло жыцьцё… Цякло…

І —

першы стрэл:

„Аўстрыякі бамбардуюць Белград!“

Шпандаў. Фабрычныя коміны. Сьвіст пары і лязгатаньне машын…