Старонка:Варта на Рэйне (1930).pdf/44

Гэта старонка не была вычытаная

Гэта — офіцыйна.

А неофіцыйна, — зразумела, — абрыдзела яму ў тым глухім провінцыяльным гарадку, у якім стаіць ягоны штаб… Трэба ўстрасянуцца, пажыць хоць крыху палюдзку…

Барон фон-Вэск сёньня апранецца ў цывільнае.

Форма страшэнна абрыдзела, а фрак гэтак ідзе яму да твару.

О, сёньня барон Вэск мае намер весела правесьці час… Ён папраезьдзіць па тэатрах, па кафэ, па шантанах…

Толькі — барону патрэбны новы гальштук.

…Ага! Вось галянтарэйная крама…

На баронавым твары застыла самаздаваленьне. З пагардлівай усьмешкай агледзеў ён усю краму.

— Ага! — Вунь прыгожанькая якая прадаўшчыца, — падумаў ён.

Падышоў да Грэтхэн.

— Дайце мне гальштук.

— Калі ласка, паночку.

Рукою ў белых замшавых пальчатках перабірае барон раскіданы па прылаўку тавар.

— Што?.. Гэта?..

— Дрэнь!..

Узіраецца ў прадаўшчыцу, падміргвае вокам, усьміхаецца…