Старонка:Варта на Рэйне (1930).pdf/45

Гэта старонка не была вычытаная

— Дайце мне, фрэйляйн, нешта такое-ж прыгожанькае, як ваша ўласная шыйка!

Якое нахабства, — думае Грэтхэн. Але прыпамінае, што трэба быць ветлівей.

— Гэты нікуды ня варты, — грэбліва кідае барон, і зноў усьміхаецца.

— Каб гэта можна было-б заместа гальштука абкруціць сваю шыю вашымі ручаняткамі!..

Грэтхэн з жахам пазірае на яго. Круціцца ў гору даўгі вус „а ля Вільгэльм“.

— Можа гэтакі, паночку?.. — сарамліва пытае дзяўчына. А ў самой у галаве: — Ах, каб хутчэй гэта скончылася… Немагчыма… Есьці хочацца…

А барон увесь час узіраецца ў яе і думае: — От халерка! — каб як-небудзь гэта… Рэдкі экзэмплярчык!.. — Ах, фрэйляйн, — каб гэта пазнаёміцца з вамі хоць крыху бліжэй, я згодзен адкупіць усе гальштукі, якія вы мне запрапануеце…

Дзяўчына з жахам пазірае на яго.

… Сволач, — думае яна. — Хаця… Ці-ж ня ўсёроўна?..

Маўчыць.

Думае.

Дастае яшчэ адну скрыначку.

— Можа вось гэты вам да спадобы?

— Вось гэты я вазьму, — ён прыгожы, але ён — нішто супроць вас, фрэйляйн…

— Загарнуць?

— Калі ласка… Але толькі, мо‘ загарнулі-б вы і самую сябе ў дадатак.