Старонка:Варта на Рэйне (1930).pdf/54

Гэта старонка не была вычытаная

Па калідоры другога паверху, па мяккіх каляровых дыванах лётаюць лёкаі, разносяць ранішнюю каву. Нейкі апрануты ў піжаму пузаты пан ля расчыненых дзьвярэй свайго нумару загадвае калідорнаму падрыхтаваць яму гарачую ванну.

Адчыняецца адзінаццаты пакой.

Выходзіць з яго сарамлівая дзявочая постаць.

Асьцярожна, каб не зьвярталі на яе ўвагу, праходзіць яна па калідоры, выходзіць на сходы.

А там, на пляцоўцы, між другім і першым паверхамі — кароткі зірк у люстра, і твар дзяўчыны заліваецца густой чырвонай фарбай.

— Я зусім не такая, — думае яна, — я стала нейкай іншай…

І раптоўны жах нечаканы сьціскае грудзі, спыняе дыханьне:

— Што скажа цётачка Элізабэт?..

Ля вялізарных шкляных дзьвярэй вэстыбюлю з застылым у ветлівай абыякасьці тварам стаіць швайцар, і Грэтхэн здаецца, што ў бяспалкіх ягоных вачох зіхціць вясёла-насьмешлівы, крыху пагардлівы агеньчык.

Яна зноў чырванее і, паскараючы крокі, моцна сьціскае ў руках свой тоненькі рыдыкульчык…

— Што скажа цётачка Элізабэт?.. Здагадаецца… Ат!

Хай будзе, як будзе!..

Грэтхэн ідзе па вуліцы.

Нэрвова кусае губы.