Старонка:Варта на Рэйне (1930).pdf/73

Гэта старонка не была вычытаная

узрушаны, вясёлы; змучаныя, змораныя, галодныя, — пытаюць, ня вераць уласным вачом:

„Урад запрапанаваў хаўрусьнікам згоду“…

Праз пару дзён, — перад тэй самай-жа вітрынай зноў натаўп.

Толькі настрой — ужо ня той, настрой — прыдушаны. У вачох, у галасох жорсткая роспач.

Чытаюць:

… „Хаўрусьнікі ад згоды адмовіліся“…

… „Расійскі часовы ўрад ад згоды таксама адмовіўся“…

Заля опэры поўніцца цудоўнымі гукамі Вагнэра.

Бяз конца, бяз меры хараственныя мэлёдыі захапляюць сьвядомасьць, сіляцца прымусіць слухачоў забыцца на ўсё, што там, за мурамі гэтага будынку. У перапынку заля сьвеціцца тысячамі агнёў. Варушыцца ў партэры цэлае мора галоў, голых жаночых плеч, і бліскучых мужчынскіх пляшывых галоў:

На галёрцы, высока, пад самаю стольлю сямнаццацігадовыя дзяўчынкі.

— Як вернемся дахаты, Лізхэн, — што рабіць?.. Вячэраць сёньня няма чым…

Нічога, Грэтхэн, — ляжам адразу спаць, а ўраньні — падумаем…

У фойэ — буфэт і за столікам нейкая маладая прыгожая пані і другая, відаць, ужо пажылая.