Старонка:Варта на Рэйне (1930).pdf/75

Гэта старонка не была вычытаная

Альфрэд Кляйн газэт ня любіць.

Даўно ўжо. З тае пары, як даведаўся аб лёсе свае сям‘і, як зразумеў як сьлед значэньне слова „вайна“, з самае тае пары ня любіць Альфрэд Кляйн газэт. Ня любіць ён іх. Чаму?

Хто яго ведае…

Ня любіць ён гэтых сьлінавых апавяданьняў пра „гэройскія ўчынкі нашых бравых нямецкіх салдацікаў“, ня любіць, бо знае сапраўдную цану гэройства.

Ня любіць ён гэтых апісаньняў розных дабрачынных вечароў „на карысьць раненых і інвалідаў“, якія зладжваюцца мяккасэрдымі акцыянэрамі розных арматных ці знарадных фабрык…

Ня любіць ён гэтых фотографій, багата разаздобленых брыльлянтамі, ня першае сьвежасьці, сьлязьлівых і тоўстых пань, чамусьці ўбраных у адзеньне „сястрыц міласэрдых“ і, чамусьці, сфотографаваных у якім-кольвек шпіталі, каля ложка якой-кольвек ахвяры „каханьня да бацькаўшчыны“.

Ня любіць ён гэтых высока-лунальных прамоў добрага старога нямецкага кайзэра, прамоў адначасьне і пагардлівых і крывясмаглых…

Ня любіць ён і гэтых няшчырых, сьвядома маньлівых паведамленьняў галоўнага штабу…

Але па ўсім сьвеце тэлеграф разьнёс гэтыя дзіўныя, даўно-чаканыя словы: —

… „Рэволюцыя ў Расіі“…

… „Паўстаньне ў Пецярбурзе“…

… „Зрачэньне цара Міколы“…