Старонка:Варта на Рэйне (1930).pdf/8

Гэта старонка не была вычытаная

А там — ля лесу — мірна пасьвіўся статак. Мычэлі каровы, хадзілі па мураве. Маладыя бычкі, ня ў меру галянтныя, гульліва падбягалі да якой-кольвек прыгожанькай ялавачкі, —

Мууу! — Мууу!

Ялаўка сарамліва кідалася ў бок, а верны вартаўнік, жучка, заганяў яе назад, каб не адбілася ад статку… Ля беразьнячку, ля вогнішча на карчы сядзеў стары дзядулька-пастух, а хлапчук-падпасак ляжаў ніц і дзьмуў на сьвежасьпечаную гарачую бульбу.

Бэрлін.

Шпандаў.

Фабрыка электрычных прыладаў АЭГ.

Трышчаць, пяюць сваю песьню шасьцёркі.

Дзяцёнкам пакінутым плачуць прыводныя пасы.

Рупатліва тарахціць неспакойны дызэль.

Другая зьмена скончыла працаваць а палове шостай вечару.

Усё — такое звычайнае, знаёмае:

Ванны, душ. Гардэроба. Некалькі вялізарных заляў, абстаўленых лаўкамі і шапамі. У шапах — вопратка (на вытворчасьці спэцадзеньне). Альфрэд Кляйн мыецца ў ваньне, апранаецца ў „сваё“, выходзіць на вуліцу.

Побач „бір-гальле“. Піўная.

Душнае, накуранае паветра. У кутку — кадушкі з півам.