Старонка:Варта на Рэйне (1930).pdf/80

Гэта старонка не была вычытаная

На ўсходзе вайна канае.

Абрыдла людзям паміраць. Яшчэ час-ад часу там — сям ідзе перастрэлка. Яшчэ час-ад-часу гутараць між сабою гарматы.

Альфрэд Кляйн жыве спакайней… Жыве?..

Ці-ж гэта жыцьцё, — гэтае сядзеньне ў акопе, гэтае спаньне ў бліндажы, — гэты абрыдлы гарохавы крупнік, гэтая мармаляда, гэтыя сурогаты заместа хлеба, тытуну, піва?..

У Бэрліне — таксама спакайней. Спакайней, як каля ложку хворага, што мае хутка сканаць…

Звонку — усё як было. Бэрлін гуляе. Бэрлін вяселіцца. Бэрлін — увесь у тэатрах, у шантанах, у кабарэ, у кіно.

Поўныя людзей усе рэстораны, усе вар‘етэ, усе танцгаўзы.

Поўныя народу вуліцы, сады, сквэры. Монотонна, цяжка тупае тысячаногі натаўп. Гарыць агнямі опэра, цырк Шумана, цырк Буша, выкідваюць з вялізарных зёваў сваіх тысячы і тысячы людзей.

Запаляецца і гасьне на будынку Рэйхсбанку надпіс:


КУКІРОЛЬ

лепшы сродак ад мазалеу

Ёкаюць пугамі фурманы, шмыгаюць шпаркія аўто… Вечар. Склізка. Холад і туман. Блішчаць запацелыя вітрыны. Блішчыць мокрая асфальтавая панэль.