Старонка:Варта на Рэйне (1930).pdf/85

Гэта старонка не была вычытаная

… Цішыня…

— Таварышы! — Спакойна пачынае Шміт сваю прамову. — Так. Гэта праўда. На сьвеце пануе імпэрыялістычная буржуазія. На сьвеце пануе капітал. І пакуль ён пануе — няма на сьвеце праўды. Няма, і быць ня можа. Мы, сьвядомыя пролетары ўсяго сьвету, мы даўно ўжо вядзем змаганьне з капіталам.

Вядзем, і будзем весьці, аж пакуль ня зьнішчым яго, ня зьнішчым дазваньня тае крыўды, што пануе зараз скрозь і ўсюды, пакуль не перабудуем усяго сьвету на новым, на справядлівым грунце, — пакуль не пабудуем соцыялістычнага ладу, пры якім усе будуць роўна працаваць, і роўна карыстацца плёнам свае працы, пры якім немагчымымі зробяцца такія жахлівыя здарэньні, як вайна…

Жоўта-шэрыя — стаяць і слухаюць.

Уважліва—напружана.

Цяпер, — яны ўслухоўваюцца, прагна ловяць паасобныя гукі, паасобныя агульназразумелыя інтэрнацыянальныя словы. Яны не разумеюць Шмітавых слоў, не, — яны адчуваюць іх праўду.

І калі голас яго пазбаўляецца звычайнае свае спакойнасьці, калі ён мацнее і набывае выразна-ўзрушаны характар, калі Шміт канчае сваю прамову, робіцца зусім яскрава відаць, што словы яго ўсе да аднаго — незразумелыя, але адчутыя, дайшлі туды, — у самае нутро шэрае масы.

Шміт канчае прамову.