Старонка:Варта на Рэйне (1930).pdf/9

Гэта старонка не была вычытаная

А над кадушкамі лунае вялікі портрэт:

„Кайзэр Вільгэльм II“.

Паўгадзіны і —

маладцаваты, чыста апрануты, і „падбадзёраны“ традыцыйным куфлем Альфрэд Кляйн ужо ляціць на стукатлівым траме.

Стоп. Астаноўка.

Моабітэнштрасэ.

З сіпатым гудам пралятае міма аўто.

Альфрэд выходзіць з вагону.

Хвіліна — і яго глытае хваля мітусьлівага чалавечага натаўпу.

… „Бэрлінэр Тагэблят!“…

… „Бэрлінэр Тагэблят!“…

… „Бэрлінэр Тагэблят!“…

Нейкі прабеглы чалавек затрымліваецца і тыча ў руку хлопцу-газэтчыку дзесяць фэнігаў.

Той (прадаў, — чаго стаяць? — часу няма) ляціць далей.

… „Бэрлінэр Тагэблят!“…

… „У Сараеве забіты аўстрыяцкі эрцгэрцаг Франц-Фэрдынанд!“…

Альфрэд затрымліваецца на хвіліну, шукае ў кітэні грошы.

Не пасьпеўшы знайсьці іх — паварачваецца і ідзе далей: — Ат! Хай іх хоць кожны дзень забіваюць…

Вялікі шасьціпавярховы дом.

Каменнымі ўсходцамі паўзе ўверх леска.