Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/10

Гэта старонка не была вычытаная

6 рублёў. Яна не ўмела берагчы грошы, і на сябе траціла, і давала ўсім, хто прасіў. Павітуха ўзяла ў яе за пражыццё — за корм і за чай — за два месяцы 40 рублёў, 25 рублёў пайшлі на адпраўку дзіцёнка, 40 рублёў павітуха пазычыла сабе на карову, рублёў 20 разышліся так — на плацці, на падарункі, так што, калі Кацюша выздаравела, грошай у яе не было, і трэба было шукаць месца. Месца знайшлося ў ляснічага. Ляснічы быў жанаты чалавек, але таксама, як і станавы, з першага дня пачаў прыставаць да Кацюшы. Ён быў брыдкім для Кацюшы, і яна старалася ўнікаць яго. Але ён быў вопытнейшым і хітрэйшым за яе, і галоўнае, быў гаспадаром, які мог пасылаць яе куды хацеў, і, выбраўшы мінуту, аўладаў ёю. Жонка даведалася і, застаўшы аднойчы мужа аднаго ў пакоі з Кацюшай, кінулася біць яе. Кацюша не паддалася — яны пабіліся, з гэтай прычыны яе выгналі з дому, не заплаціўшы заробленае. Тады Кацюша паехала ў горад і спынілася там у цёткі. Цёткін муж быў пераплётнік і раней жыў добра, але цяпер пазбавіўся ўсіх кліентаў і піў гарэлку, прапіваючы ўсё, што яму траплялася пад руку. Цётка-ж трымала маленькую пральню і гэтым кармілася з дзецьмі і падтрымлівала нядбайніка мужа. Яна прапанавала Маславай паступіць да яе ў прачкі. Але бачачы тое цяжкае жыццё, якое было ў жанчын-прачак, што жылі ў цёткі, Маслава не спяшалася і шукала ў канторах месца прыслугі. І месца знайшлося ў пані, што жыла з двума сынамі-гімназістамі. Праз тыдзень пасля яе паступлення старэйшы, вусаты гімназіст 6 класа пакінуў вучыцца і не даваў спакою Маславай, назаляючы ёй. Маці абвінаваціла ва ўсім Маславу і разлічыла яе. Новага месца не траплялася, але здарылася так, што, прышоўшы ў кантору, што дастаўляла прыслуг, Маслава сустрэла там паню ў пярснях і браслетах на пухлых голых руках. Паня гэта, даведаўшыся пра становішча Маславай, што яна шукае месца, дала ёй свой адрас і запрасіла да сябе. Маслава пайшла да яе. Пані ласкава сустрэла яе, пачаставала піражкамі і салодкім віном і паслала кудысьці сваю пакаёўку з запіскай. Увечары ў пакой увайшоў высокі чалавек з доўгімі сіваватымі валасамі і сівай барадой; стары гэты адразу-ж