Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/100

Гэта старонка не была вычытаная

„яму“, сказаны пра яго… Нехлюдаў заўсёды хістаўся паміж двума адносінамі да Міссі: то ён, нібы прыжмурваючыся або нібы пры святле месяца бачыў у ёй усё прыгожае: яна здавалася яму і свежай, і пекнай, і разумнай, і натуральнай… А то раптам ён, нібы пры яркім сонечным святле, бачыў, не мог не бачыць усяго таго, чаго нехапала ёй. Сёння быў для яго гэткі дзень. Ён бачыў сёння ўсе зморшчыкі на яе твары, ведаў, бачыў, як узбіты валасы, бачыў вастрыню локцяў, і, галоўнае, бачыў шырокі пазногаць вялікага пальца, які нагадваў гэткі-ж пазногаць бацькі.

— Вельмі нудная гульня, — сказаў Коласаў пра тэніс: — куды весялей была лапта, як мы гулялі ў дзіцячыя гады.

— Не, вы не спрабавалі. Гэта страшна захапляе, — засупярэчыла Міссі, асабліва ненатуральна вымаўляючы слова „страшна“, як здалося Нехлюдаву.

І пачаліся спрэчкі, у якіх прынялі ўдзел і Міхаіл Сяргеевіч, і Кацярына Аляксееўна. Толькі гувернантка, рэпетытар і дзеці маўчалі, і, відаць, сумавалі.

— Вечна спрачаюцца! — голасна рагочучы, вымавіў стары Карчагін, вымаючы салфетку з-пад камізэлькі, і, грукаючы крэслам, якое адразу-ж падхапіў лёкай, устаў з-за стала. За ім усталі і ўсе астатнія і падышлі да століка, дзе стаялі паласкацельніцы і наліта была цёплая пахучая вада, і, выпалоскваючы раты, працягвалі нецікавую ні для каго размову.

— Хіба не праўда? — звярнулася Міссі да Нехлюдава, выклікаючы яго на пацверджанне сваёй думкі аб тым, што ні ў чым так не відаць характар людзей, як у гульні. Яна бачыла на яго твары той удумлівы і, як ёй здавалася, асуджальны выраз, якога яна баялася ў ім, і хацела даведацца, чым ён выкліканы.

— Па праўдзе сказаць, не ведаю, я ніколі не думаў пра гэта, — адказаў Нехлюдаў.

— Пойдзеце да мамы? — запытала Міссі.

— Але, але, — сказаў ён, вымаючы папяроску, і гэткім тонам, які яўна гаварыў, што яму не хацелася-б ісці.

Яна моўчкі, не разумеючы, паглядзела на яго, і яму зрабілася сорамна. „Сапраўды, прыехаць да людзей для таго,