Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/101

Гэта старонка не была вычытаная

каб наводзіць на іх нуду“, падумаў ён пра сябе і, намагаючыся быць ветлівым, сказаў, што са здавальненнем пойдзе, калі княгіня прыме.

— Але, але, мама будзе рада. Курыць і там можаце. І Іван Іванавіч там.

Гаспадыня дома, княгіня Соф‘я Васільеўна, была ляжачая дама. Яна восьмы год пры гасцях ляжала, у кружавах і істужках, сярод аксаміту, пазалоты, слановай косці, бронзы, лаку і кветак, і нікуды не ездзіла і прымала, як яна казала, толькі „сваіх прыяцеляў“, гэта значыць усё тое, што, як яна думала, чым-небудзь вылучалася з натоўпу. Нехлюдава прымалі ў ліку гэтых прыяцеляў і таму, што ён лічыўся разумным маладым чалавекам, і таму, што яго маці была блізкім другам сям‘і, і таму, што добра-б было, каб Міссі вышла за яго.

Пакой княгіні Соф‘і Васільеўны быў за вялікаю і маленькай гасцінымі. У вялікай гасцінай Міссі, што ішла ўперадзе Нехлюдава, рашуча спынілася і, узяўшыся за спінку залочанага крэсліца, паглядзела на яго.

Міссі вельмі хацела выйсці замуж, і Нехлюдаў быў добрая партыя. Апрача таго, ён падабаўся ёй, і яна прывучыла сябе да думкі, што ён будзе яе (не яна будзе яго, а ён яе), і яна з несвядомай, але ўпартай хітрасцю, гэткаю, якая бывае ў душэўна хворых, дасягала сваёй мэты. Яна загаварыла з ім цяпер, каб выклікаць яго на прызнанне.

— Я бачу, што з вамі здарылася нешта, — сказала яна. — Што з вамі?

Ён успомніў пра сваю сустрэчу ў судзе, нахмурыўся і пачырванеў.

— Але, здарылася, — сказаў ён, жадаючы быць праўдзівым: — і дзіўнае, надзвычайнае і значнае здарэнне.

— Што-ж? Вы не можаце сказаць што?

— Не магу цяпер. Дазвольце не гаварыць. Здарылася тое, што я не паспеў поўнасцю абдумаць, — сказаў ён і пачырванеў яшчэ больш.

— І вы не скажаце мне? — Мускул на твары яе ўздрыгнуў, і яна пасунула крэсліца, за якое трымалася.