Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/102

Гэта старонка не была вычытаная

— Не, не магу, — адказаў ён, адчуваючы, што, адказваючы ёй так, ён адказваў сабе, прызнаючы, што сапраўды з ім здарылася нешта вельмі важнае.

— Ну, дык хадзем.

Яна ўстрасанула галавой, нібы адганяючы непатрэбныя думкі, і пайшла наперад больш хуткім, чым звычайна, крокам.

Яму здалося, што яна ненатуральна сціснула рот, каб стрымаць слёзы. Яму зрабілася сорамна і балюча, што ён пакрыўдзіў яе, але ён ведаў, што нават маленькая слабасць загубіць яго, г. зн. звяжа. А ён цяпер баяўся гэтага больш за ўсё, і ён моўчкі дайшоў з ёй да габінета княгіні.


XXVII

Княгіня Соф‘я Васільеўна скончыла свой абед, вельмі далікатны і вельмі пажыўны, які яна з‘ядала заўсёды адна, каб ніхто не бачыў яе пры гэтым непаэтычным адпраўленні. Каля канапы яе стаяў столік з кавай, і яна курыла пахітоску. Княгіня Соф‘я Васільеўна была худая, доўгая брунетка, з доўгімі зубамі і вялікімі чорнымі вачыма, якая ўсё яшчэ маладзілася. Гаварылі благое пра яе адносіны з доктарам. Нехлюдаў раней забываў гэта, але калі ён убачыў каля яе крэсла доктара з яго намаслянай ільсністай падвоенай барадой, яму зрабілася вельмі брыдка. Побач з Соф‘яй Васільеўнай, на нізкім мяккім крэсле сядзеў Коласаў ля століка і памешваў каву. На століку стаяла чарка лікёру.

Міссі ўвайшла разам з Нехлюдавым да маці, але не асталася ў пакоі.

— Калі мама стоміцца і прагоніць вас, прыходзьце да мяне, — сказала яна, звяртаючыся да Коласава і Нехлюдава гэткім тонам, нібы нічога не адбылося паміж імі, і, весела ўсміхнуўшыся, нячутна крочачы па тоўстаму дывану, вышла з пакоя.

— Ну, добры дзень, мой друг, сядайце і расказвайце, — сказала княгіня Соф‘я Васільеўна са сваёй штучнай, фальшывай, зусім падобнай да натуральнай, усмешкай, якая