Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/105

Гэта старонка не была вычытаная

ён зрабіў не тое, і зноў змучаная Соф‘я Васільеўна павінна была спыніць сваю прамову пра містыцызм і выправіць нездагадлівага Філіпа, што бязлітасна трывожыў яе. На момант у вачах Філіпа ўспыхнуў агеньчык.

„А чорт цябе ведае, што табе трэба, — напэўна, унутрана вымавіў ён“, падумаў Нехлюдаў, назіраючы ўсю гэту гульню. Але прыгожы і моцны Філіп адразу-ж захаваў свой рух нецярплівасці і пачаў са спакоем рабіць тое, што загадвала яму змардаваная, знясіленая, уся фальшывая княгіня Соф‘я Васільеўна.

— Зразумела, ёсць вялікая доля праўды ў вучэнні Дарвіна, — гаварыў Коласаў, рассеўшыся на нізкім крэсле, соннымі вачыма пазіраючы на княгіню Соф‘ю Васільёўну, — але ён пераходзіць граніцы. — Але.

— А вы верыце ў спадчыннасць? — запытала княгіня Соф‘я Васільеўна Нехлюдава, якой яго маўчанне было цяжкім.

— У спадчыннасць? — перапытаў Нехлюдаў. — Не, не веру, — сказаў ён, увесь аддаўшыся ў гэту мінуту тым дзіўным вобразам, якія чамусьці ўзніклі ў яго ваабражэнні. Побач з магутным прыгожым Філіпам, якога ён уявіў сабе натуршчыкам, ён уявіў сабе Коласава голым, з яго жыватом, падобным на гарбуз, пляшывай галавой і безмускульнымі, як плеці, рукамі. Гэтак-жа цмяна ўяўляліся яму і закрытыя цяпер шоўкам і аксамітам плечы Соф‘і Васільеўны, якімі яны павінны быць у сапраўднасці, але ўяўленне гэта было занадта страшным, і ён пастараўся адагнаць яго.

Соф‘я Васільеўна змерыла яго вачыма.

— Аднак Міссі вас чакае, — сказала яна. — Ідзіце да яе, яна хацела вам сыграць новую рэч Шумана… Вельмі цікава.

„Нічога яна не хацела іграць. Усё гэта яна для нечага хлусіць“, падумаў Нехлюдаў, устаючы і паціскаючы празрыстую, кастлявую, пакрытую пярсцёнкамі руку Соф‘і Васільеўны.

У гасцінай яго сустрэла Кацярына Аляксееўна і адразу-ж загаварыла:

— Аднак я бачу, што абавязкі прысяжнага дзейнічаюць вельмі дрэнна на ваш настрой, — сказала яна, як заўсёды па-французску.