Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/107

Гэта старонка не была вычытаная

даведаюся. Якая-небудзь affaire d‘amour-prope: il est trés susceptible, notre cher Міця[1].

„Plutôt une affaire d‘amour sale“[2], хацела сказаць і не сказала Міссі, гледзячы перад сабой з зусім іншым, згаслым тварам, чым той, з якім яна глядзела на яго, але яна не сказала нават Кацярыне Аляксееўне гэтага каламбура дрэннага тону, а сказала толькі:

— Ува ўсіх нас бываюць і дрэнныя і добрыя дні.

„Няўжо і гэты ашукае, — падумала яна. — Пасля ўсяго, што было, гэта было-б вельмі дрэнна з яго боку“.

Калі-б Міссі павінна была растлумачыць, што яна разумее пад словамі: „Пасля ўсяго, што было“, яна не магла-б нічога сказаць пэўнага, а тым часам яна безумоўна ведала, што ён не толькі выклікаў у яе надзею, але амаль абяцаў ёй. Усё гэта былі не пэўныя словы, але погляды, усмешкі, намёкі, недамоўкі. Але яна ўсё-ж лічыла яго сваім, і згубіць яго было для яе вельмі цяжкім.


XXVIII

„Сорамна і брыдка, брыдка і сорамна“, думаў тымчасам Нехлюдаў, пехатою вяртаючыся дамоў па знаёмых вуліцах. Цяжкое пачуццё, якое ён адчуваў ад размовы з Міссі, не пакідала яго. Ён адчуваў, што фармальна, калі можна так сказаць, ён быў правы перад ёй: ён нічога не сказаў ёй такога, што-б звязвала яго, не прапаноўваў ёй шлюбу, але па сутнасці ён адчуваў, што звязаў сябе з ёй, абяцаў ёй, а тымчасам сёння ён адчуў усёй істотаю сваёй, што не можа жаніцца на ёй. „Сорамна і брыдка, брыдка і сорамна“, паўтараў ён сабе: не аб адных адносінах да Міссі, але аб усім. — „Усё брыдка і сорамна“, паўтараў ён сабе, уваходзячы на ганак свайго дома.

— Вячэраць не буду, — сказаў ён Карнею, які ўвайшоў за ім у сталовую, дзе быў падрыхтаваны прыбор і чай. — Вы ідзіце.

  1. Якая-небудзь справа, у якой замешана самалюбства: ён вельмі крыўдлівы, наш дарагі Міця.
  2. Хутчэй справа, у якой замешана бруднае каханне — непераводны каламбур.