Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/108

Гэта старонка не была вычытаная

— Слухаю, — сказаў Карней, але не пайшоў і пачаў прыбіраць з стала. Нехлюдаў глядзеў на Карнея і ў яго з‘явілася да Карнея нядобрае пачуццё. Яму хацелася, каб усе пакінулі яго ў спакоі, і здавалася, што ўсе, як наўмысля, на зло прыстаюць да яго. Калі Карней пайшоў з прыборам, Нехлюдаў падышоў да самавара, каб засыпаць чай, але пачуўшы крокі Аграфены Пятроўны, паспешна, каб не бачыць яе, вышаў у гасціную, зачыніўшы за сабою дзверы. Пакой гэты — гасціная — быў той самы, у якім тры месяцы назад памерла яго маці. Цяпер, зайшоўшы ў гэты пакой, асветлены двума лямпамі з рэфлектарамі — адным каля партрэта яго бацькі, а другім каля партрэта маці, ён успомніў свае апошнія адносіны да маткі, і гэтыя адносіны здаліся яму ненатуральнымі і брыдкімі. І гэта было сорамна і брыдка. Ён успомніў, як у апошні час яе хваробы ён проста жадаў яе смерці. Ён гаварыў сабе, што жадаў гэтага для таго, каб яна пазбавілася ад пакут, а ў сапраўднасці жадаў гэтага для таго, каб самому не бачыць яе пакут.

Жадаючы выклікаць у сабе добрыя ўспаміны аб ёй, ён зірнуў на яе партрэт, за 5000 рублёў напісаны славутым мастаком. Яна была намалявана ў чорным аксамітным плацці, з аголенымі грудзьмі. Мастак, як відаць, асабліва старанна вымалёўваў грудзі, прамежак між двума грудзьмі і бліскучага хараства плечы і шыю. Гэта было ўжо зусім сорамна і брыдка. Нешта было агіднае і паклёпніцкае ў гэтым малюнку маці ў яе выглядзе поўголай красуні. Гэта было тым больш агідна, што ў гэтым-жа пакоі тры месяцы назад ляжала тая-ж жанчына ссохлая, як мумія, і ўсё-ж напаўняючая страшэнна цяжкім пахам, які ніяк нельга было заглушыць, не толькі ўвесь пакой, але і ўвесь дом. Яму здавалася, што ён і цяпер чуе гэты пах. І ён успомніў, як за дзень перад смерцю яна ўзяла яго моцную белую руку сваёй кастлявай пачарнелай рукой, паглядзела яму ў вочы і сказала: „Не судзі мяне, Міця, калі я не тоё зрабіла“, і на выцвілых ад пакут вачах выступілі слёзы. „Якая брыдота!“ сказаў ён сабе яшчэ раз, зірнуўшы на поўголую жанчыну з дзівоснымі мармуровымі плячыма і рукамі і з пераможнай усмешкай. Агалёнасць грудзей на партрэце