Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/110

Гэта старонка не была вычытаная

Тады ён быў бадзёрым, вольным чалавекам, перад якім раскрываліся бясконцыя магчымасці, — цяпер ён адчуваў сябе з усіх бакоў злоўленым у цянёты бязглуздага, бязмэтнага, нікчэмнага жыцця, з якіх ён не бачыў ніякага выхаду, ды нават у большасці выпадкаў і не хацеў выходзіць. Ён успомніў, як ён некалі ганарыўся сваёй шчырасцю, як ставіў сабе некалі за правіла заўсёды гаварыць праўду і сапраўды быў праўдзівым, і як ён цяпер быў увесь у мане — у самай страшэннай мане, у мане, якую прызнаюць усе людзі, якія акружаюць яго, за праўду. І не было з гэтай маны — прынамсі ён не бачыў — ніякага выхаду. І ён загруз у ёй, прызвычаіўся да яе, песціўся ў ёй.

Як развязаць адносіны з Мар‘яй Васільеўнай, з яе мужам гэтак, каб было не сорамна глядзець у вочы яму і яго дзецям? Як без хлусні разблытаць адносіны з Міссі? Як выбрацца з той супярэчнасці паміж прызнаннем незаконнасці зямельнай уласнасці і ўладаннем спадчынай ад маці? Як загладзіць свой грэх перад Кацюшай? Нельга-ж гэта пакінуць так. „Нельга пакінуць жанчыну, якую я кахаў, і задаволіцца тым, што я заплачу грошы адвакату і вызвалю яе ад катаргі, якой яна і не заслугоўвае. Загладзіць віну грашыма, як я тады думаў, што зрабіў як трэба, даўшы ёй грошы“!

І ён раптам успомніў мінуту, калі ён у калідоры, дагнаўшы яе, сунуў ёй грошы і ўцёк ад яе. „Ах, гэтыя грошы!“ з жахам і агіднасцю, гэткімі самымі, як і тады, успомніў ён гэту мінуту. — Ах, ах! якая брыдкасць! — Таксама, як і тады, уголас прагаварыў ён. — Толькі паскуднік, нягоднік мог гэта зрабіць! І я, я той нягоднік і той паскуднік! — уголас загаварыў ён. — „Але няўжо сапраўды (ён спыніўся на-хаду), няўжо сапраўды, няўжо я сапраўды нягоднік? А то хто-ж? — адказаў ён сабе. — Ды хіба гэта адно? — працягваў ён выкрываць сябе. — Хіба не брыдкасць, не подласць твае адносіны да Мар‘і Васільеўны і яе мужа? І твае адносіны да маёмасці? З таго поваду, што грошы ад маці, карыстацца багаццем, якое лічыш незаконным. І ўсё тваё гультайскае дрэннае жыццё. І вянец усяго — твой учынак з Кацюшай. Нягоднік, паскуднік! Яны (людзі), як хочуць, хай гавораць пра мяне, іх я магу ашукаць, але сябе я не ашукаю“.