Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/111

Гэта старонка не была вычытаная

І ён раптам зразумеў, што тая агіднасць, якую ён за апошні час адчуваў да людзей, і асабліва сёння, і да князя, і да Соф‘і Васільеўны, і да Міссі, і да Карнея, было агіднасцю да самога сябе. І дзіўная справа: у гэтым адчуванні прызнання сваёй подласці было нешта хваравітае, і разам радаснае і супакойлівае.

З Нехлюдавым не адзін раз здаралася ў жыцці тое, што ён называў „чысткай душы“. Чысткай душы называў ён такое душэўнае становішча, пры якім ён раптам, пасля вялікага прамежку часу, усвядоміўшы затрыманне, часам і спыненне ўнутранага жыцця, пачынаў вычышчаць усё тое смецце, якое, назбіраўшыся ў яго душы, было прычынай гэтага спынення.

Заўсёды пасля гэткіх абуджэнняў Нехлюдаў складаў сабе правілы, якім збіраўся падначальвацца ўжо заўсёды: пісаў дзённік і пачынаў новае жыццё, якое, ён спадзяваўся, ніколі ўжо не змяняць, — turning a new leaf[1], — як ён казаў сабе. Але кожны раз спакусы свету лавілі яго, і ён, сам таго не заўважаючы, зноў падаў, і часта ніжэй таго, якім ён быў раней.

Гэтак ён ачышчаўся і ўзвышаўся некалькі разоў; так гэта было з ім у першы раз, калі ён прыехаў на лета да цётак. Гэта было самае жывое, захопленае абуджэнне. І сляды яго аставаліся даволі доўга. Потым гэткае-ж абуджэнне было, калі ён пакінуў штацкую службу і, жадаючы ахвяраваць жыццём, паступіў у часе вайны на вайсковую службу. Але тут засмечванне адбылося вельмі хутка. Потым было абуджэнне, калі ён вышаў у адстаўку і, паехаўшы за граніцу, пачаў займацца маляваннем.

З таго часу і да сёнешняга дня прайшоў даўгі перыяд без ачысткі, і таму ніколі яшчэ ён не даходзіў да гэткага забруджвання, да гэткага разладу паміж тым, што патрабавала яго сумленне, і тым жыццём, якое ён вёў, і яго ахапіў жах, калі ён убачыў гэту адлегласць.

Адлегласць гэта была такой вялікай, забруджванне такім моцным, што ў першую хвіліну ён згубіў надзею на магчымасць ачышчэння. „Я-ж ужо спрабаваў удасканаль-

  1. Перагарнуць старонку.