Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/113

Гэта старонка не была вычытаная

Яму зрабілася горача. Ён падышоў да выстаўленага акна і адчыніў яго. Акно было ў сад. Была месячная, ціхая, свежая ноч, на вуліцы прагрымелі калёсы, і потым усё сціхла. Пад самым акном віднеўся цень галін абголенага высокага таполя, які ўсімі сваімі разгалінамі выразна ляжаў на пяску расчышчанай пляцоўкі. Злева была страха хлява, якая здавалася белай пад яркім святлом месяца. Уперадзе перапляталіся галіны дрэў, з-за якіх віднеўся чорны цень агарожы. Нехлюдаў глядзеў на асветлены месяцам сад і страху і на цень таполя, слухаў і ўдыхаў жыватворчае свежае паветра.

„Як добра! Як добра, божа мой, як добра!“ гаварыў ён пра тое, што было ў яго душы.


XXIX

Маслава вярнулася дамоў у сваю камеру толькі а шостай гадзіне ўвечары, змораная, прайшоўшы без прывычкі пятнаццаць вёрст па каменнях, збянтэжаная нечакана строгім прысудам, звыш таго галодная.

Калі, яшчэ ў часе аднаго перапынку, вартаўнікі закусвалі каля яе хлебам і крутымі яйкамі, яе рот напоўніўся слінай, і яна адчула, што галодная, але папрасіць у іх яна лічыла для сябе нізкім. Калі-ж пасля гэтага прайшло яшчэ тры гадзіны, яна ўжо болей не хацела есці і адчувала толькі слабасць. У гэткім становішчы яна пачула нечаканы ёй прысуд. У першую мінуту яна падумала, што яна не дачула, не магла адразу паверыць таму, што чула, не магла злучыць сябе з разуменнем катаржанкі. Але, убачыўшы спакойныя сур‘ёзныя твары суддзяў, прысяжных, якія прымалі гэта паведамленне, як нешта зусім натуральнае, яна абурылася і закрычала на ўсю залу, што яна невінавата. Але ўбачыўшы таксама, што і крык яе быў прынят таксама, як нешта натуральнае, чаканае, якое не можа перайначыць справы, яна заплакала, адчуваючы, што трэба скарыцца той жорсткай, дзіўнай для яе, несправядлівасці, якую ёй зрабілі. Здзіўляла яе ў асаблівасці тое, што так жорстка засудзілі яе мужчыны — маладыя, не старыя мужчыны, тыя самыя, якія заўсёды гэтак ласкава пазіралі на яе. Аднаго