Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/115

Гэта старонка не была вычытаная

іх прыставу. Прыстаў паклікаў вартаўніка і пры ёй-жа перадаў гэтыя грошы вартаўніку.

— Калі ласка, правільна аддавайце, — сказала Караліна Альбертаўна вартаўніку.

Вартаўнік пакрыўдзіўся за гэту недаверлівасць і таму гэтак сярдзіта абышоўся з Маславай.

Маслава ўзрадавалася грошам, таму што яны давалі ёй тое, чаго аднаго яна жадала цяпер.

„Толькі-б дастаць папярос і зацягнуцца“, думала яна, і ўсе думкі яе сышліся на гэтым жаданні пакурыць. Ёй гэтак хацелася гэтага, што яна прагна ўдыхала паветра, калі ў ім адчуваўся пах тытуновага дыму, які выходзіў у калідор з дзвярэй габінета. Але ёй давялося яшчэ доўга чакаць, таму што сакратар, якому трэба было адпусціць яе, забыўшы пра падсудных, заняўся размовай і нават спрэчкамі аб забароненым артыкуле з адным з адвакатаў. Некалькі і маладых і старых людзей заходзілі і пасля суда зірнуць на яе, нешта шэпчучы адзін аднаму. Але яна цяпер і не заўважала іх.

Нарэшце а 5-ай гадзіне яе адпусцілі, і канвойныя — ніжагародзец і чуваш — павялі яе з суда заднім ходам. Яшчэ ў пярэдняй суда яна перадала ім 90 капеек, просячы купіць два калачы і папярос. Чуваш засмяяўся, узяў грошы і сказаў: „добра, купаем“, і сапраўды сумленна купіў і папярос, і калачоў і аддаў рэшту. Дарогай нельга было курыць, так што Маслава з тым-жа незадаволеным жаданнем пакурыць падышла да астрога. У той час, калі яе прывялі да дзвярэй, з поезда чыгункі прывялі чалавек сто арыштантаў. У праходзе яна сутыкнулася з імі.

Арыштанты — барадатыя, паголеныя, старыя, маладыя, рускія, іншародцы, некаторыя з голенымі поўгаловамі, бразгаючы нажнымі кайданамі, напаўнялі пярэдні пакой пылам, шумам крокаў, гоманам і едкім пахам поту. Арыштанты, праходзячы міма Маславай, усе пажадліва аглядалі яе і некаторыя са змененымі ад похаці тварамі падыходзілі да яе і зачаплялі яе.

— Ай, дзеўка, добрая, — гаварыў адзін. — Цётачцы маё шанаванне, — гаварыў другі, падміргваючы вокам. Адзін