Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/116

Гэта старонка не была вычытаная

чорны, з паголенай сіняй патыліцай і вусамі на голеным твары, блытаючыся ў кайданах і бразгочучы імі, падскочыў да яе і абняў яе.

— Ці не пазнала дружка? Хопіць моднічаць! — крыкнуў ён, выскальваючы зубы і бліскаючы вачыма, калі яна адпіхнула яго.

— Ты што, падлюга, робіш? — крыкнуў памочнік начальніка, падышоўшы ззаду.

Арыштант увесь скурчыўся і хутка адскочыў.

Памочнік-жа накінуўся на Маславу.

— Ты-ж чаго тут?

Маслава хацела сказаць, што яе прывялі з суда, але яна гэтак стамілася, што ленавалася гаварыць.

— З суда, ваша благароддзе, — сказаў старшы канвойны, выходзячы з-за арыштантаў і прыкладаючы руку да шапкі.

— Ну, і перадай старшаму. А гэта што за непарадак!

— Слухаю, ваша благароддзе.

— Сокалаў! Прыняць, — крыкнуў памочнік.

Старшы падышоў і сярдзіта штурхануў Маславу ў плячо, і, кіўнуўшы ёй галавой, павёў яе ў жаночы калідор. У жаночым калідоры яе ўсю абмацалі, абшукалі і, не знайшоўшы нічога (пачка папярос была засунута ў калач), упусцілі ў тую самую камеру, з якой яна вышла раніцою.


XXX

Камера, у якой сядзела Маслава, была доўгім пакоем, у 9 аршын даўжыні і 7 шырыні, з двума вокнамі. Аблезлая печка і нары з рассохлымі дошкамі займалі дзве трэці ўсёй прасторы. Пасярэдзіне, супроць дзвярэй, быў цёмны абраз з прылепленай да яго васковай свечкай і падвешаным да яго запыленым букетам імартэлек. За дзвярыма налева было пачарнелае месца падлогі, на якім стаяла смярдзючая кадка. Паверка толькі што прайшла, і жанчын ужо замкнулі нанач.

Усіх жыхарак гэтай камеры было пятнаццаць: дванаццаць жанчын і трое дзяцей.