Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/12

Гэта старонка не была вычытаная

таму, што яно здавалася ёй смачным, але яно вабіла яе больш за ўсё таму, што давала ёй магчымасць забыць усё тое цяжкое, што яна перажыла, і давала ёй больш вольнасці, упэўненасці ў сваёй годнасці, якіх яна не мела без віна. Без віна ёй заўсёды было нудна і сорамна.

Жанчына пачаставала цётку і, напаіўшы Маславу, прапанавала ёй паступіць у добры, лепшы ў горадзе дом, выстаўляючы перад ёю ўсе выгады і перавагі гэтага становішча. Маславай трэба было выбіраць: або пагарджанае становішча прыслугі, у якім напэўна будуць праследаванні з боку мужчын і часам тайнае блудніцтва, або забяспечанае, спакойнае, узаконенае становішча і яўнае, дапушчанае законам і высока аплачваемае блудніцтва, і яна выбрала апошняе. Апрача таго, яна гэтым думала адплаціць і свайму спакусніку, і прыказчыку, і ўсім людзям, якія ёй зрабілі зло. Апрача таго, спакушала яе і было адной з прычын канчатковага рашэння тое, што жанчына сказала ёй, што адзенне яна можа заказваць сабе, якое толькі пажадае — аксамітнае, фаі, шаўковае, бальнае з адкрытымі плячамі і рукамі. І калі Маслава ўявіла сябе ў яркажоўтым шаўковым плацці з чорнай аксамітнай аблямоўкай — дэкальтэ, яна не магла больш трымацца і аддала пашпарт. У той самы вечар жанчына ўзяла рамізніка і адвезла яе ў славуты дом Кітаевай.

І з таго часу пачалося для Маславай тое жыццё хранічнага парушэння запаведзяў боскіх і чалавечых, якім жывуць сотні і сотні тысяч жанчын, не толькі з дазволу, але пад аховай урада, заклапочанага добрабытам сваіх грамадзян, і канчаецца для дзевяці жанчын з дзесяці цяжкімі хваробамі, дачаснай старасцю і смерцю.

Раніцою і ўдзень цяжкі сон пасля оргіі начы. У тры, чатыры гадзіны стомленае ўставанне з бруднага ложка, сельтэрская вада з перапою, кава, ляное хаджэнне па пакоях у пенюярах, кофтах, халатах, глядзенне з-за фіранак у вокны, вялая сварка адна з адной; потым абмыванне, абмазванне, націранне цела, валасоў, прымерванне плаццяў, спрэчкі з-за іх з гаспадыняй, разгляданне сябе ў люстэрка, падфарбоўванне твара, брывей, салодкая, тлустая ёжа; потым адзяванне