Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/120

Гэта старонка не была вычытаная

не сказаўшы, адразу-ж пайшла зноў хадзіць сваімі вялікімі, рашучымі крокамі. Караблёва ўваткнула іголку ў зрэбную халсціну і запытальна праз акуляры ўставілася на Маславу.

— Э, эх! Вярнулася. А я ўжо думала, што вызваляць, — сказала яна сваім хрыплым, басістым, амаль мужчынскім голасам. — Відаць, закаталі.

Яна зняла акуляры і паклала сваё шыццё побач на нары.

— Мы і то з цётачкай, лябёдка, перагаварваліся, можа адразу вызваляць. Таксама, казалі, бывае. Яшчэ і грошай дадуць, пад які час патрапіш, — адразу-ж пачала сваім пявучым голасам вартаўніца. — Але, вось яно што. Відаць, здагадка наша не ў руку. Бог, відаць, сваё, лябёдка, — не змаўкаючы вяла яна сваю ласкавую і мілагучную гаворку.

— Няўжо-ж прысудзілі? — запытала Фядос‘я са спагадліваю пяшчотай, гледзячы на Маславу сваімі дзіцячымі ясна-блакітнымі вачыма, і ўвесь вясёлы малады твар яе змяніўся, нібы яна збіралася заплакаць.

Маслава нічога не адказвала і моўчкі прайшла да свайго месца, другога з краю, побач з Караблёвай, і села на дошкі нар.

— Ты, відаць, і не ела, — сказала Фядос‘я устаючы і падыходзячы да Маславай.

Маслава, не адказваючы, паклала калачы на ўзгалоўе і пачала распранацца; зняла пыльны халат і хустку з кучаравых чорных валасоў і села.

Гарбатая бабулька, якая гуляла з хлопчыкам на другім канцы нар, падышла таксама і спынілася супроць Маславай.

— Тц, тц, тц! — жаласліва пакачаўшы галавой, зашчоўкала яна языком.

Хлопчык падышоў таксама за бабулькай і, шырока адкрыўшы вочы і выпяўшы куточкам верхнюю губу, уставіўся на калачы, якія прынесла Маслава. Убачыўшы ўсе гэтыя спагадлівыя твары пасля ўсяго таго, што з ёй было сёння, Маславай захацелася плакаць, і ў яе задрыжэлі губы. Але яна старалася стрымацца і стрымлівалася да таго часу, пакуль не падышла бабулька і хлопчык. Калі-ж яна пачула добрае, жаласлівае цыканне бабулькі і, галоўнае,