Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/123

Гэта старонка не была вычытаная

перка гэта мае вартасць 2 рублі 50 капеек, і палезла ў прадушнік за схаванай там бутэлькай з віном. Убачыўшы гэта, жанчыны — не суседкі па нарах — разышліся па сваіх месцах. Маслава тымчасам страсянула пыл з хусткі і халата, узлезла на нары і пачала есці калач.

— Я для цябе чай хавала, ды відаць, астыў, — сказала ёй Фядос‘я, дастаючы з паліцы абкручаны анучкай бляшаны чайнік і кружку.

Напітак быў зусім халодным і аддаваў больш бляшанкай, як чаем, але Маслава наліла кружку і пачала запіваць калач.

— Фінашка, на, — крыкнула яна і, адарваўшы кавалак калача, дала хлопчыку, які глядзеў ёй у рот.

Карабліха тым часам падала бутэльку з віном і кружку. Маслава пачаставала Караблёву і Хорашаўку. Гэтыя тры арыштанткі складалі арыстакратыю камеры, таму што мелі грошы і дзяліліся тым, што мелі.

Праз некалькі мінут Маслава ажывілася і жвава расказвала пра суд, перадражніваючы пракурора, і тое, што асабліва здзівіла яе ў судзе. У судзе ўсе глядзелі на яе з відавочнай прыемнасцю, расказвала яна, і вельмі часта наўмысля для гэтага заходзілі ў арыштанцкую.

— Канвойны, што гаворыць: „гэта ўсё на цябе падзівіцца ходзяць“. Прыдзе які-небудзь: дзе тут папера якая ці яшчэ што, а я бачу, што яму не папера патрэбна, а мяне вачыма так і есць, — казала яна, усміхаючыся і, нібы не разумеючы, пакачвала галавой. — Таксама — артысты.

— Ды гэта ўжо заўсёды, — падхапіла вартаўніца, і адразу палілася яе пявучая гаворка. — Гэта як мухі на цукар. На што іншае іх няма, а на гэта іх хапае. Хлебам не кармі іхняга брата…

— А то і тут, — перапыніла яе Маслава. — Таксама і тут трапіла я. Толькі мяне прывялі, а тут партыя з вакзала. Гэтак апанавалі, што не ведала, як адчапіцца. Дзякуй начальніку — адагнаў. Адзін прычапіўся гэтак, што ледзьве адбілася.

— А які ён з сябе? — запытала Хорашаўка.

— Чарнаваты, з вусамі.