Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/125

Гэта старонка не была вычытаная

гэтага і чакала і нечакана быстрым рухам учапілася адной рукой у валасы Караблёвай, а другой хацела ўдарыць яе ў твар, але Караблёва ўхапіла гэтую руку. Маслава і Хорашаўка схапілі за рукі рыжую, стараючыся адарваць яе, але рука рыжай учапілася ў касу і не расціскалася. Яна на момант адпусціла валасы, але толькі для таго, каб абкруціць іх вакол кулака. Караблёва-ж са скрыўленай галавой біла адной рукой па целе рыжай і лавіла зубамі яе руку. Жанчыны згрудзіліся каля іх, разнімалі і крычалі. Нават сухотная падышла да іх, і, кашляючы, глядзела, як біліся жанчыны. Дзеці туліліся адзін да аднаго і плакалі. На шум увайшла надзірацельніца з надзірацелем. Жанчын разбаранілі, і Караблёва, распусціўшы сівую касу і выбіраючы з яе выдраныя кавалкі валасоў, а рыжая падтрымліваючы на жоўтых грудзях скрозь падраную кашулю, — абедзве крычалі, тлумачачы і скардзячыся.

— Я-ж ведаю, усё гэта — віно; вось я заўтра скажу сматрыцелю, ён вам дасць. Я чую — пахне, — казала надзірацельніца. — Глядзіце, прыбярыце ўсё, а то дрэнна будзе, — разбіраць вас няма калі. На месцы і маўчаць.

Але маўчанне доўга яшчэ не надыходзіла. Доўга яшчэ жанчыны сварыліся, расказвалі адна адной, як пачалося і хто вінаваты. Нарэшце надзірацель і надзірацельніца пайшлі, і жанчыны пачалі супакойвацца і класціся. Бабулька стала перад абразом і пачала маліцца.

— Сабраліся дзве катаржныя, — раптам хрыплым голасам загаварыла рыжая з другога краю нар, устаўляючы пасля кожнага слова на дзіва адмысловую лаянку.

— Глядзі, каб табе яшчэ не папала, — адразу адказала Караблёва, далучыўшы гэткую самую лаянку. І абедзве сціхлі.

— Толькі-б не перашкодзілі мне, я табе бельмы павыдзірала-б… — зноў загаварыла рыжая, і зноў не прымусіў сябе чакаць гэткі-ж адказ Карабліхі.

Зноў прамежак маўчання крыху даўжэй, і зноў лаянка. Прамежкі рабіліся ўсё даўжэйшымі і даўжэйшымі, і, нарэшце, усё зусім сціхла.

Усе ляжалі, некаторыя захраплі, толькі бабулька, якая заўсёды доўга малілася, усё яшчэ клала паклоны перад