Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/126

Гэта старонка не была вычытаная

абразом, а дзячкова дачка, як толькі надзірацельніца пайшла, устала і зноў пачала хадзіць узад і ўперад.

Не спала Маслава і ўсё думала аб тым, што яна катаржная, і ўжо яе два разы называлі гэтак: назвала Бачкова і назвала рыжая, і не магла прывыкнуць да гэтай думкі. Караблёва, якая ляжала да яе спіной, павярнулася.

— Вось і не думала, не чакала, — ціха сказала Маслава. — Іншыя, што робяць — і нічога, а я нізавошта пакутваць павінна.

— Не тужы, дзеўка. І ў Сібіры людзі жывуць. А ты і там не загінеш, — суцяшала яе Караблёва.

— Ведаю, што не загіну, ды ўсё-ж крыўдна. Не гэткая-б мне доля патрэбна, бо я прывыкла да добрага жыцця.

— Супроць бога не пойдзеш, — уздыхнуўшы, вымавіла Караблёва, — супроць яго не пойдзеш.

— Ведаю, цётачка, а ўсё цяжка.

Яны памаўчалі.

— Чуеш? распусцеха гэта, — сказала Караблёва, звяртаючы ўвагу Маславай на дзіўныя гукі, што даносіліся з другога боку нар.

Гукі гэтыя былі стрыманыя рыданні рыжай жанчыны. Рыжая плакала аб тым, што яе цяпер аблаялі, пабілі і не далі ёй віна, якога яна гэтак хацела. Плакала яна і аб тым, што яна за ўсё жыццё сваё нічога не бачыла апрача лаянкі, кпінаў, зняваг і біцця. Хацела яна ўцешыцца, успомніўшы сваё першае каханне з фабрычным Федзькам Маладзёнкавым, але, успомніўшы гэта каханне, яна ўспомніла і тое, як скончылася гэта каханне. Скончылася гэта каханне тым, што гэты Маладзёнкаў, напіўшыся п‘яным, для жартаў, мазануў яе купаросам па самым балючым месцы і потым рагатаў з таварышамі, гледзячы на тое, як яна курчылася ад болю. Яна ўспомніла гэта, і ёй зрабілася шкада сябе, і, думаючы, што ніхто не чуе яе, яна заплакала, і плакала, як дзеці — стогнучы і сапучы носам, і глынаючы салоныя слёзы.

— Шкада яе, — сказала Маслава.

— Вядома, шкада, але хай не лезе.