Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/128

Гэта старонка не была вычытаная

тэру для таго, каб у ёй жаніцца. Здача кватэры, значыць, мела асаблівае значэнне. Аграфена Пятроўна са здзіўленнем паглядзела на яго.

— Вельмі дзякую вам, Аграфена Пятроўна, за ўсе клопаты пра мяне, але цяпер мне не патрэбна гэткая вялікая кватэра і ўся прыслуга. Калі-ж вы хочаце дапамагчы мне, дык будзьце так ласкавы ўпарадкаваць рэчы, прыбраць іх пакуль што, як гэта рабілася пры маме. А Наташа прыедзе, яна ўпарадкуе. (Наташа была сястра Нехлюдава.)

Аграфена Пятроўна паківала галавой.

— Як гэта ўпарадкаваць! Будуць-жа патрэбны, — сказала яна.

— Не, не будуць патрэбны, Аграфена Пятроўна, напэўна не будуць патрэбны, — сказаў Нехлюдаў, адказваючы на тое, што азначала яе ківанне галавой. — Скажыце, калі ласка, і Карнею, што грошы я аддам. яму ўперад за два месяцы, але што ён мне не патрэбен.

— Дарэмна, Дзмітрый Іванавіч, вы так робіце, — вымавіла яна. — Ну, за граніцу паедзеце, усё-ж спатрэбіцца памяшканне.

— Вы не тое думаеце, Аграфена Пятроўна. Я за граніцу не паеду; калі паеду, дык зусім у іншае месца.

Ён раптам барвова пачырванеў.

„Але, трэба сказаць ёй, — падумаў ён, — няма чаго змоўчваць. Трэба ўсё ўсім сказаць“.

— Са мной здарылася вельмі дзіўная і значная справа ўчора. Вы помніце Кацюшу ў цёткі Мар‘і Іванаўны?

— Як-жа, я яе шыць вучыла.

— Ну, дык вось учора ў судзе гэту Кацюшу судзілі. і я быў прысяжным.

— Ах, божа мой, які жаль! — сказала Аграфена Пятроўна. — За што-ж яе судзілі?

— За забойства, — і ўсё гэта зрабіў я.

— Як-жа гэта вы маглі зрабіць? Гэта вельмі дзіўна вы гаворыце, — сказала Аграфена Пятроўна, і ў старых вачах яе запаліліся чуллівыя агеньчыкі.

Яна ведала гісторыю з Кацюшай.