Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/130

Гэта старонка не была вычытаная

будзе шчасліва пайсці за яго; сёння ён адчуваў сябе не вартым не толькі жаніцца, але быць блізкім з ёю. „Калі-б яна толькі ведала, хто я, дык нізавошта не прымала-б мяне. А я яшчэ папікаў яе какецтвам з тым панам. Ды нават, калі-б яна цяпер і пайшла за мяне, хіба я мог-бы быць не толькі шчаслівым, але спакойным, ведаючы, што тая тут у турме і заўтра, паслязаўтра пойдзе з этапам на катаргу. Тая, загубленая мной жанчына, пойдзе на катаргу, а я буду тут прымаць віншаванні і рабіць візіты з маладой жонкай. Або буду з прадвадзіцелем, якога я ганебна ашукваў з яго жонкай, на сходзе лічыць галасы за і супроць праланаванай пастановы земскай інспекцыі школ і т. п., а потым буду прызначаць спатканні яго жонцы (якая брыдкасць); або буду далей маляваць карціну, якая, відаць, ніколі не будзе скончана, таму што мне і не след займацца гэтымі дробязямі, і не магу нічога гэтага рабіць цяпер“, казаў ён сабе і няспынна радаваўся той унутранай змене, якую адчуваў.

„Перш за ўсё, — думаў ён, — цяпер пабачыць адваката і даведацца яго думкі, а потым… потым убачыць яе ў турме, учарашнюю арыштантку, і сказаць ёй усё“.

І калі ён уяўляў сабе толькі, як ён убачыць яе, як ён скажа ўсё, як пакаецца ў сваёй віне перад ёю, як заявіць ёй, што ён зробіць усё, што можна, ажэніцца з ёю, каб загладзіць сваю віну, — дык асаблівае захапленне ахапіла яго, і слёзы выступалі ў яго на вачах.


XXXIV

Прыехаўшы ў суд, Нехлюдаў у калідоры яшчэ сустрэў учарашняга судовага прыстава і распытаў яго, дзе знаходзяцца асуджаныя ўжо па суду арыштанты, і ад каго залежыць дазвол спаткання з імі. Судовы прыстаў растлумачыў, што знаходзяцца арыштанты ў розных месцах, і што да абвяшчэння пастановы ў канчатковай форме дазвол спаткання залежыць ад пракурора.

— Я вам скажу і правяду вас сам пасля паседжання. Пракурора цяпер і няма яшчэ. А пасля паседжання. А цяпер калі ласка ў суд. Зараз пачынаецца.