Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/131

Гэта старонка не была вычытаная

Нехлюдаў падзякаваў прыставу, які здаўся яму сёння асабліва ўбогім, за яго пачцівасць, і пайшоў у пакой прысяжных.

У той час, калі ён падыходзіў да гэтага пакоя, прысяжныя ўжо выходзілі з яго, каб ісці ў залу паседжання. Купец быў такім-жа вясёлым і так-жа закусіў і выпіў, як і ўчора, і, як старога друга, сустрэў Нехлюдава. І Пётр Герасімавіч не выклікаў сёння ў Нехлюдаве ніякага непрыемнага адчування сваёй фамільярнасцю і рогатам.

Нехлюдаву хацелася і ўсім падсудным сказаць пра свае адносіны да ўчарашняй падсуднай. „Па праўдзе, — думаў ён, — учора ў час суда трэба было ўстаць і публічна абвясціць пра сваю віну“. Але калі ён разам з прысяжнымі ўвайшоў у залу паседжання і пачалася ўчарашняя працэдура: зноў „суд ідзе“, зноў трое на ўзвышшы ў каўнярах, зноў маўчанне, усаджванні прысяжных на крэслах з высокімі спінкамі, жандары, партрэт, свяшчэннік, — ён адчуў, што хаця і трэба было зрабіць гэта, ён і ўчора не здолеў-бы разарваць гэту ўрачыстасць.

Прыгатаванні к суду былі тыя самыя, што і ўчора (за выключэннем прывядзення прысяжных да прысягі і прамовы перад імі судовага старшыні).

Справа сёння была аб пакражы са ўзломам. Падсудны, пад вартай двух жандараў з аголенымі шаблямі, быў худы, вузкаплечы дваццацігадовы хлопчык у шэрым халаце і з шэрым бяскроўным тварам. Ён сядзеў адзін на лаве падсудных і спадылба аглядаў тых, што ўваходзілі. Хлопчыка гэтага абвінавачвалі ў тым, што разам з таварышом зламаў замок у пуні і ўкраў адтуль старыя палавікі, на суму З рублі 67 капеек. З абвінаваўчага акта было відаць, што гарадавы схапіў хлопчыка ў той час, калі ён ішоў з таварышом, які нёс на плячы палавікі. Хлопчык і таварыш яго адразу-ж прызналіся ў віне, і абодва былі пасаджаны ў астрог. Таварыш хлопчыка, слесар, памёр у турме, і вось хлопчык судзіўся адзін. Старыя палавікі ляжалі на стале рэчавых доказаў.

Справа вялася, так-жа, як і ўчарашняя, зусім арсеналам докзаў, выкрыванняў, сведак, прысягі іх, допытаў, экспертаў