Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/134

Гэта старонка не была вычытаная

Дзеля таго, каб знішчыць тыя ўмовы, у якіх зараджаюцца гэтыя людзі, не толькі нічога не рабілі, але толькі спрыялі тым установам, у якіх яны выхоўваюцца. Установы гэтыя вядомыя: гэта фабрыкі, заводы, майстэрні, тракціры, карчмы, публічныя дамы. І мы не толькі не знішчаем гэтыя ўстановы, але, лічачы іх неабходнымі, ухваляем, рэгулюем іх.

Выхоўваем гэтак не аднаго, а мільёны людзей, і потым зловім аднаго і думаем сабе, што мы нешта зрабілі, абаранілі сябе, і што больш ужо і патрабаваць ад нас няма чаго, мы яго адправілі з Маскоўскай у Іркуцкую губерню, —з надзвычайнай жвавасцю і яскравасцю думаў Нехлюдаў, седзячы на сваім крэсле побач з палкоўнікам і слухаючы розныя інтанацыі галасоў адваката, пракурора і судовага старшыні і гледзячы на іхнія самаўпэўненыя жэсты. І колькі-ж і якіх напружаных намаганняў трэба, каб так прыкідацца, — працягваў думаць Нехлюдаў, аглядаючы гэту вялізную залу, гэтыя партрэты, лямпы, крэслы, мундзіры, гэтыя тоўстыя сцены, вокны, успамінаючы ўсю велізарнасць гэтага будынка і яшчэ большую вялізнасць самой установы, усю армію чыноўнікаў, пісароў, вартаўнікоў, кур‘ераў, якія не толькі тут, але ва ўсёй Расіі атрымліваюць пенсію за гэту нікому не патрэбную камедыю. — Што калі-б хаця адну сотую гэтых намаганняў мы накіроўвалі на тое, каб памагаць тым пакінутым істотам, на якіх мы цяпер глядзім толькі як на рукі і целы, неабходныя для нашага спакою і нашай выгоды? А каб толькі знайшоўся чалавек, — думаў Нехлюдаў, гледзячы на хваравіты, запалоханы твар хлопчыка, — які пашкадаваў-бы яго, калі яго яшчэ ад беднасці аддавалі з вёскі ў горад, і дапамог гэтай беднасці; або нават калі ён ужо быў у горадзе і пасля 12 гадзін работы на фабрыцы ішоў з падгаварыўшымі яго старэйшымі таварышамі ў тракцір, калі-б тады знайшоўся чалавек, які сказаў-бы: „не хадзі, Ваня, нядобра“, — хлопчык не пайшоў-бы, не заблытаўся і нічога-б не зрабіў благога.

Але такога чалавека, які-б пашкадаваў яго, не знайшлося ніводнага за ўвесь той час, калі ён, як звярок, жыў у горадзе свае гады вучэння і, абстрыжаны пад грабеньчык,