Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/135

Гэта старонка не была вычытаная

каб не разводзіць вошай, бегаў майстрам за пакупкай; наадварот, усё, што ён чуў ад майстраў і таварышаў з таго часу, як ён жыве ў горадзе, было тое, што малайчына той, хто ашукае, хто вып‘е, хто аблае, хто прыб‘е, распуснічае.

Калі-ж ён, хворы і сапсаваны ад нездаровай работы, п‘янства, распусты, адурэлы і шалёны, нібы ў сне, бадзяўся без мэты па горадзе і здуру залез у нейкую пуню і выцягнуў адтуль нікому не патрэбныя палавікі, мы, усе заможныя, багатыя адукаваныя людзі, не толькі не паклапаціліся аб тым, каб знішчыць тыя прычыны, якія давялі гэтага хлопчыка да яго цяперашняга становішча, а хочам выправіць справу тым, што будзем караць гэтага хлопчыка.

Жахліва! Не ведаеш, чаго тут больш — жорсткасці ці недарэчнасці. Але, здаецца, і першае і другое даведзена да апошняй ступені.

Нехлюдаў думаў усё гэта, ужо не слухаючы таго, што адбывалася перад ім. І сам жахаўся таго, што яму адкрывалася. Ён здзіўляўся, як мог ён не бачыць гэтага раней, як маглі іншыя не бачыць гэтага.


XXXV

Як толькі зрабілі першы перапынак, Нехлюдаў устаў і вышаў у калідор з намерам ужо больш не варочацца ў суд. Хай з ім робяць, што хочуць, але ўдзельнічаць у гэтым жахлівым і брыдкім глупстве ён больш не можа.

Даведаўшыся, дзе габінет пракурора, Нехлюдаў пайшоў да яго. Кур‘ер не хацеў дапусціць яго, сказаўшы, што пракурор цяпер заняты. Але Нехлюдаў, не слухаючы яго, прайшоў у дзверы і звярнуўся да сустрэчнага чыноўніка, просячы яго паведаміць пракурора, што ён прысяжны, і што яму трэба бачыць яго па вельмі важнай справе. Княжскі тытул і добрая вопратка дапамаглі Нехлюдаву. Чыноўнік паведаміў пракурора, і Нехлюдава прапусцілі. Пракурор прыняў яго стоячы, напэўна нездаволены настойлівасцю, з якой Нехлюдаў патрабаваў спаткання з ім.

— Што вам патрэбна? — сурова запытаў пракурор.

— Я прысяжны, прозвішча маё Нехлюдаў, і мне неаб-