Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/136

Гэта старонка не была вычытаная

ходна бачыць падсудную Маславу, — хутка і рашуча вымавіў Нехлюдаў, чырванеючы і адчуваючы, што ён робіць гэткі ўчынак, які будзе мець рашучы ўплыў на яго жыццё.

Пракурор быў невысокі смуглявы чалавек, з кароткімі крыху пасівелымі валасамі, бліскучымі быстрымі вачыма і стрыжанай густой барадой на выпятай ніжняй сківіцы.

— Маславу? Як-жа, ведаю. Абвінавачвалася ў атручэнні, — сказаў пракурор спакойна. — Навошта-ж вам трэба яе бачыць? — і потым, нібы жадаючы памякчыць, дадаў: — Я не магу вам дазволіць гэтага, не ведаючы, навошта вам гэта трэба.

— Мне трэба гэта па асабліва значнай для мяне справе, — успыхнуўшы, загаварыў Нехлюдаў.

— Так-с, — сказаў пракурор і, падняўшы вочы, уважліва агледзеў Нехлюдава. — Справа яе разгледжвалася ці яшчэ не?

— Яна ўчора судзілася і засуджана на чатыры гады катаргі зусім няправільна. Яна невінавата.

— Так-с. Калі яна засуджана толькі ўчора, — сказаў пракурор, не звяртаючы ніякай увагі на словы Нехлюдава аб нявіннасці Маславай, — дык да абвяшчэння прысуду ў канчатковай форме яна павінна ўсё-ж знаходзіцца ў доме папярэдняга зняволення. Спатканні там дазваляюцца толькі ў пэўныя дні. Туды вам і раю звярнуцца.

— Але мне трэба бачыць яе як мага хутчэй, — дрыжучы ніжняй сківіцай, сказаў Нехлюдаў, адчуваючы набліжэнне рашучай мінуты.

— Чаму-ж вам гэта трэба? — падымаючы з некаторай трывогай бровы, запытаў пракурор.

— Таму, што яна невінавата і засуджана на катаргу. Вінаваты-ж ва ўсім я, — гаварыў Нехлюдаў усхваляваным голасам, адчуваючы разам з тым, што ён гаворыць тое, чаго не трэба было-б гаварыць.

— Якім-жа гэта чынам? — запытаў пракурор.

— Таму, што я ашукаў яе і прывёў у тое становішча, у якім яна цяпер. Калі-б яна не была тым, да чаго я яе давёў, яна і не падпала-б пад гэткае абвінавачванне.

— Усё-ж я не бачу, якую сувязь гэта мае з спатканнем.