Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/14

Гэта старонка не была вычытаная

Успамінаючы ўчарашні вечар, які ён правёў ў Карчагіных, багатых і знатных людзей, на дачцы каторых, як думалі ўсе, ён павінен жаніцца, ён, уздыхнуўшы і, кінуўшы дакураную папяросу, хацеў дастаць са срэбранага партсігара другую, але раздумаў і, спусціўшы з ложка гладкія белыя ногі, знайшоў імі пантоплі, накінуў на гладкія плечы шаўковы халат і, хутка і важка ступаючы, пайшоў у суседнюю са спальняй прыбіральню, усю працятую штучным пахам элексіраў, адэкалону, фіксатуараў, духоў. Там ён вычысціў асаблівым парашком шмат дзе запламбаваныя зубы, папаласкаў іх пахучым паласканнем, потым пачаў з усіх бакоў мыцца і выцірацца рознымі ручнікамі. Вымыўшы пахучым мылам рукі, старанна вычысціўшы шчоткамі адпушчаныя пазногці і абмыўшы каля вялікага мармуровага ўмывальніка сабе твар і тоўстую шыю, ён пайшоў яшчэ ў трэці пакой каля спальні, дзе быў прыгатаваны душ. Абмыўшы там халоднай вадой мускулістае, абкладзенае тлустасцю белае цела і абцёршыся калматай прасцінёй, ён апрануў чыстую выгладжаную бялізну, як люстэрка наглянсаваныя чаравікі і сеў перад туалетам расчосваць двума шчоткамі невялікую чорную кучаравую бараду і кучаравыя валасы, якія ўжо парадзелі на пярэдняй частцы галавы.

Усе рэчы, якія ён ужываў, — прыналежнасці туалета: бялізна, адзенне, абутак, гальштукі, шпількі, запанкі, — былі самага першага, дарагога гатунку, непрыкметныя, простыя, трывалыя і каштоўныя.

Выбраўшы з дзесятка гальштукаў і брошак тыя, якія першыя патрапілі пад руку, — некалі гэта было нова і забаўна, цяпер было зусім абыякава, — Нехлюдаў апрануўся ў пачышчанае і прыгатаванае на крэсле адзенне і вышаў, хаця і не зусім свежы, але чысты і надушаны, у доўгую, з нацёртым учора трыма мужыкамі паркетам, сталовую з вялізным дубовым буфетам і гэткім-жа вялікім раскладным сталом, які меў нешта ўрачыстае ў сваіх шырока расстаўленых у выглядзе ільвіных лап разбяных ножках. На стале гэтым, засцеленым тонкім накрухмаленым абрусам з вялікімі вензелямі, стаялі: срэбраны кафейнік з пахучаю кавай, гэткая-ж цукерніца, слівачнік з гатаванымі сліўкамі